Вялікабрытанія гатовая адправіць войскі ва Украіну — прэм'ер-міністр

Кір Стармер

Кір Стармер / офіс прэзідэнта Украіны

"Я гатовы, і я хачу размясціць войскі ва Украіне", — заяўляе прэм’ер Вялікабрытаніі Кір Стармер. Каралеўства можа пайсці на такі крок у выпадку перамір’я, каб гарантаваць бяспеку Украіны. 

"Любая роля ў забеспячэнні бяспекі Украіны дапамагае гарантаваць бяспеку нашага кантынента і бяспеку гэтай краіны. Канец гэтай вайны, калі ён наступіць, не можа стаць проста часовай паўзай перад тым, як Пуцін зноў нападзе", — падкрэсліў кіраўнік брытанскага ўрада.

Словы прэм’ера Вялікабрытаніі прагучалі на фоне заяў пра тое, што ЗША не бачаць Еўропу "фізічна" на перамовах па Украіне, а таксама праз засцярогі таго, што ўмовы перамір’я могуць быць нявыгадныя для Кіева.

Сёння лідары шэрагу еўрапейскіх краін, у тым ліку Вялікабрытаніі і Польшчы, збяруцца ў Парыжы па запрашэнні прэзідэнта Макрона. Тэрміновая сустрэча арганізаваная пасля Мюнхенскай канферэнцыі і апошніх заяў з боку ЗША. Чакаецца, што там будзе выпрацоўвацца канкрэтны план Еўропы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.