Дзяржсакратар ЗША патэлефанаваў Лаўрову пагаварыць пра Украіну

Сяргей Лаўроў, міністр замежных спраў Расіі

Сяргей Лаўроў, міністр замежных спраў Расіі

Дзяржсакратар ЗША Марк Рубіё ўзначаліць амерыканскую дэлегацыю на сустрэчы ў Саудаўскай Аравіі, дзе Штаты і Расія плануюць абмеркаваць сцэнары заканчэння вайны ва Украіне. Да Рубіё далучацца дарадца па нацыянальнай бяспецы Майк Уолц і спецыяльны пасланнік ЗША на Блізкім Усходзе Стыў Уіткоф, піша ВВС.

Спецыяльны прадстаўнік ЗША ва Украіне Кіт Келлаг заявіў, што ў перамовах будуць удзельнічаць Вашынгтон, Масква і Кіеў. Аднак прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паведаміў, што Кіеў не быў запрошаны на гэтую сустрэчу.  

У адказ на гэта еўрапейскія лідары плануюць на наступным тыдні сабрацца на экстранны саміт. Яны занепакоеныя тым, што Расія і ЗША могуць дамовіцца пра лёс Украіны без удзелу еўрапейскіх партнёраў. Выступаючы на Мюнхенскай канферэнцыі, Уладзімір Зяленскі заклікаў да стварэння "армii Еўропы" на фоне непакойства, што Вашынгтон можа адмовіцца ад саюзніцтва з кантынентам.  

У суботу Рубіё правёў тэлефонную размову з міністрам замежных спраў Расіі Сяргеем Лаўровым. Падчас гутаркі ён пацвердзіў "прыхільнасць прэзідэнта ЗША Дональда Трампа пошуку шляхоў заканчэння канфлікту ва Украіне".

На гэтым тыдні таксама адбыўся тэлефонны званок Трампа да прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна. Белы дом шакаваў сваіх еўрапейскіх саюзнікаў, аднавіўшы прамыя кантакты з Масквой, якія заставаліся замарожанымі тры гады. Пасля гэтай размовы Трамп заявіў, што перамовы аб спыненні вайны ва Украіне пачнуцца "неадкладна".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.