Вячорка сказаў, пры якіх умовах могуць прыпыніць праект "пашпарт Новай Беларусі"

"Пашпарт новай Беларусі" / прэс-служба Офіса Ціханоўскай
Ад рэжыму Лукашэнкі заходнія краіны патрабуюць адмяніць забарону на аказанне консульскіх паслуг для беларусаў замежжа. У прыватнасці, гаворка ідзе пра патрабаванне прыязджаць у Беларусь для замены пашпарта, што для многіх палітуцекачоў пагражае пазбаўленнем волі.
Пра гэтае патрабаванне расказаў дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка ў інтэрв'ю парталу "Зеркало".
"Гэта адно з нашых патрабаванняў у перамовах, якія нашы хаўруснікі праводзяць з рэжымам. Адмена дэкрэта праходзіць чырвонай ніткай. Калі Лукашэнка хоча, каб пашпарт новай Беларусі не выдаваўся, ён павінен адмяніць забарону на аказанне беларусам консульскіх паслуг за мяжой. Пакуль рэжым не ідзе на саступкі", — заявіў палітык.
Ён дадаў, што пакуль у Беларусі толькі затрымліваюць людзей, якія вяртаюцца з-за мяжы для атрымання новага пашпарта. Разам з тым Вячорка дадаў, што пры рэальным спыненні рэпрэсій апазіцыя таксама можа пайсці на саступкі ў сваіх патрабаваннях. У прыватнасці, праект "пашпарт Новай Беларусі" можа быць прыпынены.
"Проста скасаваць адзін дэкрэт недастаткова. Я думаю, што патрэбны комплекс захадаў: скасаванне дэкрэта, дазвол беларусам вяртацца, спыненне завочных судоў, закрыццё крымінальных спраў супраць беларусаў за мяжой. Калі гэта будзе зроблена, мы можам разглядаць у тым ліку і закрыццё пашпартнага праекта. Дакладней, яго прыпыненне. І пашпарт, і санкцыі, і міжнародныя суды — гэта ўсё інструменты, каб змяніць сітуацыю", — удакладніў дарадца Ціханоўскай.
Праблему з чэргамі па візы, з якой сутыкнуліся беларусы, палітык патлумачыў дзеяннямі кіруючага рэжыму, які прымусова скараціў штат супрацоўнікаў дыпмісій — найперш Польшчы і Літвы. Дыпламаты фізічна не могуць выдаваць больш візаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.