Востраў стабільнасці ў эпіцэнтры падзеяў. Навагодні зварот Лукашэнкі

Востраў стабільнасці ў эпіцэнтры падзеяў. Навагодні зварот Лукашэнкі

Увечары 31 снежня 2016 года мы, як заўжды, пабачылі на беларускіх тэлеканалах навагодні зварот Аляксандра Лукашэнкі. Кіраўнік Беларусі прамаўляў амаль сем хвілінаў — на цэлых чатыры хвіліны даўжэй за Уладзіміра Пуціна, чый зварот паказвалі ў той жа час па расійскім тэлебачанні.

Зварот Аляксандра Лукашэнкі быў адрасаваны "суайчыннікам і гасцям Беларусі". Неспадзявана кіраўнік краіны пачаў прамову з негатыву: пералічыў асабістыя няўдачы, якія маглі нападкаць беларусаў цягам года. Але пасля патлумачыў, што "упэўнены: для большасці год быў радасным і шчаслівым".

Аляксандр Лукашэнка назваў Беларусь "востравам стабільнасці і спакою", які "апынуўся ў эпіцэнтры сусветных геапалітычных і эканамічных падзеяў". Мы "сталі закладнікамі той эканамічнай сітуацыі, якая склалася ў нашых традыцыйных эканамічных партнёраў", — адзначыў кіраўнік краіны. Цікава, што пра гэта ж Лукашэнка казаў і ў навагоднім звароце год таму: "Беды і бязладдзе ў бліжэйшых і далёкіх суседзяў неадкладна б'юць і па нашай краіне"

Падкрэсліўшы, што Беларусь ніколі не будзе крыніцай агрэсіі, Лукашэнка нагадаў людзям у пагонах, што "порах трэба трымаць сухім". Жанчын беларускі лідар папрасіў больш нараджаць і паабяцаў ім захаваць падтрымку сем'яў, у якіх гадуюцца дзеці. А ўсім грамадзянам Беларусі паабяцаў істотна падвысіць даходы, "чаго б нам гэта ні каштавала".

31 снежня 2016-га. Навагодні зварот Аляксандра Лукашэнкі.
Востраў стабільнасці ў эпіцэнтры падзеяў. Навагодні зварот Лукашэнкі

Дарагія суайчыннікі і госці Беларусі! 

Адыходзіць у гісторыю чарговы год трэцяга тысячагоддзя: складаны, яркі і шматаблічны. 

Для некага ён быў сумным і журботным у сувязі са стратай родных і блізкіх, нехта не дасягнуў жаданай мэты. У кагосьці не склалася ў сям'і, прафесійнай кар'еры. 

Але ўпэўнены: для большасці год быў радасным і шчаслівым. Таму што пражылі яго не дарма: любілі, весяліліся на вяселлях, пачынаючы новае жыццё, усміхаліся, упершыню пачуўшы родны голас малюткі. І тыя, хто ставіў перад сабой амбіцыйныя задачы і мэты, пераадольваючы цяжкасці, ішоў да іх, адчулі радасць перамогі! 

Суверэнная і незалежная Беларусь апынулася ў эпіцэнтры сусветных геапалітычных і эканамічных падзей. Мы жывём у адкрытай краіне і перш за ўсё таму сталі заложнікамі той эканамічнай сітуацыі, якая склалася ў нашых традыцыйных эканамічных партнёраў. 

У розных кутках планеты ўспыхваюць узброеныя канфлікты, учыняюцца тэракты, абвастраюцца міжнацыянальныя і міжканфесійныя войны. 

Захаваць Беларусь астраўком стабільнасці і спакою было няпроста. Але мы гэта зрабілі, забяспечыўшы мір і бяспеку грамадзян! 

Нашы суседзі, сябры, брацкія народы павінны ведаць, што з беларускай зямлі ніколі не будзе агрэсіі і пагроз. 

У той жа час мы, людзі ў пагонах, ведаем: порах трэба трымаць сухім. Абарона Айчыны - наш свяшчэнны абавязак! 

Крок за крокам Беларусь умацоўвае свой аўтарытэт у міжнароднай супольнасці. Асаблівага прызнання яна ўдастоілася, стаўшы пляцоўкай міралюбівых ініцыятыў. Дружалюбнасць, гасціннасць, адкрытасць да супрацоўніцтва прыцягваюць да нас сімпатыі многіх народаў. 

У нас узважаная міжнародная і вывераная ўнутраная палітыка. Пастаянную ўвагу ўдзяляем умацаванню адзінства народа, недапушчэнню экстрэмісцкіх праяў, распальвання варожасці на нацыянальнай і рэлігійнай глебе. Палітычныя кампаніі адыходзячага года паказалі грамадзянскую сталасць і культуру нашых людзей. 

Мы разам вызначылі прыярытэты і асноўныя напрамкі развіцця краіны. Упэўнены, яны будуць рэалізаваны ў поўнай меры ў наступныя гады. 

У гэтым нас пераконвае ўвесь шлях суверэннай беларускай дзяржавы, які даў бясцэнны вопыт пераадолення цяжкасцей і вырашэння праблем, уменне знаходзіць адэкватныя адказы на выклікі і пагрозы, што ўзнікаюць. 

Мы ствараем новыя вытворчасці, будуем дарогі, электрастанцыі, важныя сацыяльныя аб'екты і жылыя дамы. Добраўпарадкоўваем гарады і вёскі. З кожным годам Беларусь набывае ўсё больш сучаснае еўрапейскае аблічча. 

Углядаючыся ў будучыню, вялікія надзеі ўскладаем на 2017 год. Ён павінен стаць пераломным і даць магутны імпульс для развіцця краіны. 

Стаўку зробім на стварэнне новых вытворчасцей і рабочых месц, актывізацыю бізнесу. 

Важную ролю мы адводзім айчыннай навуцы. Прыярытэт для нас - інавацыйны шлях. Надыходзячы Год навукі павінен прайсці пад знакам абнаўлення краіны і адкрыццяў ва ўсіх галінах жыццядзейнасці. Але любыя навуковыя дасягненні і распрацоўкі павінны эфектыўна ўкараняцца ў вытворчасць. 

Рэалізацыя гэтага курсу дасць нам магчымасць забяспечыць людзей работай, дастойнай зарплатай. Узровень жыцця народа павінен быць значна вышэйшым, чым сёння. Дасягнуць гэтага няпроста. Аднак чаго б нам ні каштавала, мы ўжо ў надыходзячым годзе істотна павысім даходы грамадзян. 

У 2016 годзе ўпершыню з моманту набыцця незалежнасці ў нас дасягнуты натуральны прырост насельніцтва. У сем'ях з'яўляецца ўсё больш дзетак, і гэта - будучыня Беларусі. Трэба захаваць такую станоўчую тэндэнцыю. Звяртаюся да нашых дарагіх жанчын - нараджайце і ведайце: як бы ні было складана, мы захаваем падтрымку сем'яў, якія выхоўваюць дзяцей: прадастаўленне мацярынскага капіталу, дапамог, а таксама забеспячэнне жыллём шматдзетных сем'яў. 

Старэйшае пакаленне шмат зрабіла для нашай краіны. І мы ўдзячны ім за гэта. Але цяпер трэба рухацца далей, укараняць у жыццё ўсё больш прагрэсіўнае і карыснае. А для гэтага трэба вучыцца, удасканальвацца, ісці ў нагу з часам. 

Сваё слова павінна сказаць наша моладзь, патрыятычная, неабыякавая да лёсу сваёй Радзімы. Сярод вас шмат здольных людзей. 

Я веру ў вас і спадзяюся, што вы знойдзеце сваё месца ў роднай Беларусі, дастойнае прымяненне талентам і здольнасцям. Набыты 25 гадоў таму суверэнітэт сёння ў вашых руках, і ад вас цяпер залежыць будучае працвітанне Айчыны. 

У гэтыя імгненні адыходзячага года выказваю словы глыбокай удзячнасці ўсім вам, маім суайчыннікам. Дзякуй за самаадданую працу ў заводскім цэху і на хлебнай ніве, ля школьнай дошкі і за аперацыйным сталом, на чыгуначных лініях і за штурваламі самалётаў, у канструктарскіх бюро і лабараторыях, на будоўлі і ў лясной гаспадарцы, у шахце і на баявым дзяжурстве. 

Гэта дзякуючы вашым высокім чалавечым якасцям, прафесіяналізму і вернасці абавязку мы маем магчымасць цяпер сабрацца за святочным сталом, спяваць, жартаваць, загадваць жаданні і з аптымізмам глядзець у заўтрашні дзень. 

І яшчэ хачу сказаць вам: дзе б вы ні былі, трэба помніць цяпло роднага дома, сваіх настаўнікаў, сяброў, зямлю, якая ўзгадавала вас. 

Няхай надыходзячы год прынясе вам удачу і дабрабыт. Упэўнены, што гэтак і будзе. Таму што веру ў мудрасць, з'яднанасць, працавітасць нашага народа, у яго невычэрпную творчую энергію. 

З Новым годам, дарагія сябры! 

Поўны тэкст навагодняга звароту Аляксандра Лукашэнкі