Віцебскую гімназію, дзе па сцяне пайшлі расколіны, прапануюць знесці

Віцебская гімназія №1

Віцебская гімназія №1 / oktvitebsk.gov.by

У Віцебску прапануюць знесці будынак гімназіі №1, дзе ўвосень 2024-га па сцяне пайшлі расколіны. Спецыялісты вырашылі, што будынак не падлягае аднаўленню.

На месцы "сталінскай школы", узведзенай яшчэ ў 1938 годзе, хочуць паставіць новы корпус, піша "Віцебская Вясна". У другім корпусе гімназіі, збудаваным у 1975-м, прапануюць правесці рэканструкцыю.

Вакол навучальнай установы будзе праведзена добраўпарадкаванне, у тым ліку абяцаюць зрабіць невялікую аўтастаянку, якой раней не было.

Усе гэтыя звесткі выкладаюцца ў праектных дакументах, выстаўленых на грамадскае абмеркаванне на сайце Віцебскага гарвыканкама і на сайце абласнога ўпраўлення капітальнага будаўніцтва. У дзяржаўных СМІ пра грамадскае абмеркаванне не паведамілі. Між тым яно пачалося ўжо 8 траўня і будзе працягвацца да 7 чэрвеня.

Як паведамлялася раней, расколіны ў будынку выявілі пасля пачатку навучальнага года. Іх патлумачылі вынікам руху грунту. Вучняў і супрацоўнікаў гімназіі перавялі ў іншыя навучальныя ўстановы горада.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.