Вершы пра восень на беларускай мове

Вершы пра восень | Стихи про осень на белорусском

Вершы пра восень па-беларуску / euroradio.fm

Восень — пара, якая натхняла шматлікіх беларускіх паэтаў і паэтак. Лісце, якое змяняе колер з зялёнага на чырвоны і жоўты, пералётныя птушкі, першыя халодныя ночы — усё гэта знаходзіць адлюстраванне ў творах класікаў.

Вершы пра школу на беларускай мове могуць быць цікавымі не толькі для школьнікаў, але і для ўсіх, хто хоча больш ведаць пра беларускую літаратуру і культуру. Таму Еўрарадыё сабрала падборку вершаў беларускіх класікаў пра восень і адмысловыя паштоўкі.

Паштоўкі з вершамі пра восень

Вершы пра восень на беларускай мове
Беларускія вершы пра восень
Белорусские стихи про осень
Стихи про осень на белорусском

Беларускія вершы пра восень

***

Над палямі хістаўся пашчэрблены месяц.
Вецер дзьмуў, і шумеў па-над Нёманам бор.
Восень вецце сухое зграбла і на ўзлессі
Падпаліла пагрэцца начлежны касцёр.

Падпаліла касцёр, прылягла у тумане,
Ды кароткім быў гэты пад зорамі сон:
Крык трывожны птушыны збудзіў яе рана,
Па зямлі ад кастра разліваўся агонь.

Загарэліся гнёзды, і іскры пажару
Пачала яна з птушкамі, з ветрам гасіць.
Толькі полымя ўжо разлілося ў імшарах,
Па лясах і палях, па курганах брусніц.

I па сённяшні дзень восень жару не можа
Пагасіць на зямлі, ходзе з краю у край,
Заліваючы ліўнямі ў полі бярозы
I цалуючы кожны рабінавы гай.

Максім Танк

***

Села пад пушчаю Восень,
Вочы ўтаропіўшы ўдаль;
Жаль ёй павяўшых дакосін,
Спетых дажынак ёй жаль.

Пацеры шчыра шапоча,
Нудную шэпча мальбу;
Творыць паціху уночы
Свету сваю варажбу.

Склікала вецер і хмары,
Кожнаму дзела дала:
Вецер завыў на папары,
З хмары павісла імгла.

Вецер, убраўшыся ў сілы,
Лесам, як вехцем, трасе,
Крыж вырывае з магілы,
Круціць салому ў страсе.

Хмара, упіўшыся морам,
Хвошча і хвошча дажджом,
Плача нязмераным горам,
Жаліць душу, як нажом.

Вецер і хмара дахаты
Просяцца, лезуць смалой:
Вецер дзьме ў комін заўзята,
Хмара лье ў вокны залой.

Ў шчылінах свіст не сціхае,
Муціць, варожыць, кляне,
Як бы жывы хто ўздыхае
Ў слёзнай паўяве, паўсне.

Мокрыя каплі на шыбах
Плюскаюць, хлюпчуць, бубняць,
Быццам людцоў у сялібах
Мецяць патопай даняць.

— Скуль вы? Што трэба вам, госці,
Зваў вас які гаспадар? —
З хаты пытаецца хтосьці
Буйнага ветру і хмар.

— Восень сюды вам за кару
Выгнала нас на папас! —
Гэтакі вецер і хмара
Кідаюць хаце адказ.

I ўзноў завыў вецер жудка,
Дождж пачаў сцёбаць сільней...
А там пад пушчай ціхутка
Моліцца Восень далей.

Знізвае пацеры Восень,
Вочы ўтаропіўшы ўдаль,
Жаль ёй павяўшых дакосін,
Спетых дажынак ёй жаль.

Янка Купала

***

Восень прайшла пералескамі,
Па няголеным ржышчы ніў,
Чырвонымі арабескамі
Лісце лес ураніў.
Глянь на зямлю залатую,
Пяшчотную, сумную, чыстую,
Нехта па ёй вандруе,
У паветра ўзнімаючы лісце.
Струменьчыкам тонкім лісце.
Медзь на азёрах сплывае,
Сум у небе імглістым...
Як песня, з галін злятае
Лісце, лісце,
Залацістае лісце,
Сто лісцяў,
Дзесяць лісцяў,
Ліст.

Уладзімір Караткевіч

***

Лес адпалаў і чорным стаў ад страты —
Агонь з галін абсынаўся ўначы.
Завея гоніць лісцяў абручы
Па гулкіх уладаннях аўтастрады,
Туды, дзе халады і снегапады.

Аддаўшы лета бабінага жар
Кюветам, а нябёсам — павуціны,
Бярозы голыя чакаюць хмар,
Гатовыя зарыцца ў іх пярыны
Ад бессаромных сцюж і зыркіх фар.

Дзён залатых, раскіданых па свеце,
Не шкода мне — з дарог не падбяру.
I я гатоў, як дрэў трывалых вецце,
Пераступіць яшчэ ў адну пару
Свайго жыцця, пакінуўшы ў кювеце
Прыгожую ману аб вечным леце.

Аркадзь Куляшоў

***

"А вось яшчэ што!.."
Нанова
ўсчыняе размову
асенні дождж.

Алесь Разанаў

Калі вам падабаюцца беларускія вершы — вы таксама можаце прачытаць падборку беларускіх твораў пра зіму ці пра каханне!

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.