Варшава вінаваціць Мінск у будоўлі масткоў праз балоты для мігрантаў
Міністр абароны Польшчы Марыюш Блашчак у пятніцу абвінаваціў беларускія ўлады ў пабудове адмысловых масткоў для мігрантаў, каб яны маглі пераходзіць мяжу на польскі бок у балоцістай ваколіцы.
"Маштабы ўдзелу рэжыму Лукашэнкі ў эскалацыі міграцыйнага крызісу вялізныя. Беларусы нават будуюць адмысловую інфраструктуру, каб штурхаць мігрантаў у Польшчу. Напрыклад, ёсць пешаходныя масткі, якія вядуць людзей у балоцістыя мясцовасці", — напісаў Блашчак у сацсетках і праілюстраваў свае словы адпаведным здымкам.
Як паведамляла Еўрарадыё, агулам ад жніўня 2021-га польскія памежнікі спынілі больш за 30 тысяч спроб незаконнага перасячэння мяжы з тэрыторыі Беларусі.
Здымак мастка, які міністр абароны Польшчы Марыюш Блашчак апублікаваў у сацсетках.