Ва ўкраінскі палон трапіў яшчэ адзін беларус, які ваяваў за Расію

Андрэй Лапатнёў ва ўкраінскім палоне / t.me/ButusovPlus/
Ва ўкраінскі палон трапіў яшчэ адзін беларус, які ваяваў за Расію. Гэта 33-гадовы Андрэй Лапатнёў з Віцебска, выпускнік Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. У РБ ён працаваў будаўніком, камерцыйным агентам, дыспетчарам аўтатранспарту. У гутарцы з украінскім журналістам Юрыем Бутусавым ён расказаў, што ў сакавіку 2024 года яго затрымала міліцыя на Віцебшчыне з наркотыкамі. Мужчына якраз збіраўся ехаць у Польшчу, адкуль планаваў перабрацца ў Нідэрланды на працу.
"Я падпісаў паперы ў Рэспубліцы Беларусь, што не буду пакідаць краіну, але... сваё слова я не стрымаў", — расказвае Лапатнёў. Вырашыў паспрабаваць з'ехаць у Еўропу праз Расію. Да Смаленска ішоў пешшу, далей былі Бранск і Масква. У расійскай сталіцы 2 красавіка 2024-га беларуса затрымала паліцыя. Яму прапанавалі заключыць кантракт з Мінабароны РФ, "каб пазбегнуць пакарання". Абяцалі, што ваяваць не будзе, даручаць "гаспадарчую працу", а "пасля яму дома (у Беларусі) даруюць, усё будзе добра".
Насамрэч Андрэя Лапатнёва адправілі на фронт. Такія як ён, і раней траплялі ва ўкраінскі палон, і нават ішлі на абмен.
Значна больш беларусаў ваюе супраць расійскіх акупантаў у складзе Узброеных сіл Украіны. Многія з іх уваходзяць у склад Палка Каліноўскага альбо ў Беларускі добраахвотніцкі корпус.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.