Ва Украіне назвалі "спакойнай і кантраляванай" сітуацыю на мяжы з Беларуссю
Мяжа Украіны / ІТАР-ТАСС
Сітуацыя на мяжы Украіны з Беларуссю ў цяперашні час застаецца спакойнай і кантраляванай, паведамляе "Інтэрфакс-Украіна" са спасылкай на спікера Дзяржаўнай памежнай службы Украіны Андрэя Дземчанку.
"Мы не адзначалі ні маленькіх, ні вялікіх груп незаконных мігрантаў, якія прыбывалі б да мяжы ці тых, якія б ужо яе перасеклі", — заявіў Дземчанка падчас дыскусіі на тэму "Міграцыйнае нашэсце Лукашэнкі: мэты і інфармацыйнае суправаджэнне гібрыднай агрэсіі супраць ЕС" у пятніцу.
У той жа час Украіна павінна рыхтавацца да той сітуацыі, якая ў цяперашні час складваецца на межах Польшчы і Літвы, каб не дапусціць "кіраванага патоку незаконных мігрантаў" у краіну, адзначыў прадстаўнік Дзяржпамежслужбы.
У выпадку прарыву мігрантаў на тэрыторыю Украіны з Беларусі краіна мае намер выкарыстоўваць законныя механізмы вяртання мігрантаў, сказаў Дземчанка. У гэтай сітуацыі краіна будзе вяртаць мігрантаў у Беларусь або на іх радзіму.
Як паведамляла Еўрарадыё, Украіна прыняла рашэнне падвоіць колькасць памежнікаў на дзяржмяжы ў сувязі з пагрозай трапляння ў краіну нелегальных мігрантаў з Беларусі. Акрамя таго, да аховы мяжы вырашана прыцягнуць рэзервы з Нацыянальнай гвардыі і Нацыянальнай паліцыі. Пра тое, што ўзмацненне аховы ўкраінскай мяжы не павінна паўплываць на паездкі беларусаў ва Украіну, заявіў прэзідэнт краіны Уладзімір Зяленскі.