Ва Украіне чацвёра грамадзян РБ загінулі, адзін здаўся ў палон

Ігар Сакалоўскі

Ігар Сакалоўскі / t.me / poisk_in_ua

Яшчэ чацвёра грамадзян Беларусі загінулі, ваюючы за расійскія інтарэсы ва Украіне. Пра гэта паведаміў украінскі дзяржаўны праект "Хачу жыць". Не ўсе загінулыя былі грамадзянамі нашай краіны паводле нараджэння і паходжання.

Сяргей Старынскі нарадзіўся 27 сакавіка 1969 году, служыў шарагоўцам у 32-й асобнай мотастралковай брыгадзе (вайсковая часць 52892), быў памочнікам гранатамётчыка. Загінуў 4 студзеня 2024 года.

У 114-й асобнай мотастралковай брыгадзе служылі Сяргей Краўчанка (нарадзіўся 17 сакавіка 1976 года, малодшы сяржант, быў гранатамётчыкам, загінуў 7 снежня 2024-га), Дзмітрый Татарынчык (нарадзіўся 8 сакавіка 1974 года, стралок-памочнік гранатамётчыка, загінуў 20 красавіка 2024-га) і Іван Кірдзяшкін (нарадзіўся 19 лістапада 1962 года, яфрэйтар, загінуў 11 лістапада 2024-га). Украінцы адзначаюць, што гэта — адзін з найбольш "крывавых" падраздзелаў расійскай арміі. Брыгада вядомая вялікімі стратамі ў "мясных" штурмах і жорсткім стаўленнем да байцоў: іх кідаюць у "ямы" і "клеткі" ды патрабуюць плаціць за невялікія парушэнні.

"Кіберпартызаны" расказалі Радыё Свабода, што Іван Кірдзяшкін атрымаў беларускае грамадзянства прыкладна ў 2009 годзе. Ён нарадзіўся ў РФ, у пасёлку ў Мардовіі. У Беларусі жыў у вёсцы Вераб’і каля Глыбокага, працаваў на глыбоцкай птушкафабрыцы, а таксама на прадпрыемствах "Віцебскаблгаз", "Меліявадгас" і сельгаспрадпрыемстве "Мярэцкія".

Звестак пра Дзмітрыя Татарынчыка і Сяргея Краўчанку ў базе "Кіберпартызанаў" няма, але не выключана, што яны маглі атрымаць беларускае грамадзянства пасля 2021 года ці іх звесткі ўкраінскі бок падаў з памылкамі.

У палон украінскім вайскоўцам здаўся 31-гадовы грамадзянін Беларусі Ігар Сакалоўскі. У інтэрвію ўкраінскім журналістам ён сказаў, што падпісаў кантракт, калі быў у следчым ізалятары ў Расіі, бо яму пагражала дэпартацыя.

Па звестках "Белпола", якія дае "Наша Ніва", Сакалоўскі паходзіць з вёскі Гарадзішча Мінскага раёна. Ён рэцыдывіст: мае шэсць судзімасцяў, першая з іх — у 15 гадоў. Таксама за ім лічацца ўчыненыя паўторна крадзяжы і грабяжы.

Мужчына кажа, што ён падпісаў кантракт на адзін год, пасля чаго яго мусілі адпусціць. Адправілі ў Ваўчанск Харкаўскай вобласці, дзе ён ваяваў 21 дзень і бачыў шмат целаў загінулых расійскіх вайскоўцаў. Сакалоўскі сцвярджае, што яму ня аднойчы пагражалі расстрэлам і патрабавалі плаціць грошы за неадпраўку на штурмы. Калі грошай не засталося, яго пасадзілі ў хлеў — беларус кажа, што апынуўся ў палоне ў сваіх жа салдатаў.

Сакалоўскі звязаўся з маці, і тая напісала скаргу ў пракуратуру. Пасля гэтага беларуса адразу перавялі ў іншы полк і адразу адправілі на перадавую. Там ён добраахвотна здаўся, стаўшы дзявятым беларусам ва ўкраінскім палоне.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.