У РФ кажуць пра цяжкія хваробы вайскоўцаў, якія паўзлі ў Суджу па трубе

Расійскія вайскоўцы ў трубе / фота з Z-каналаў
Цяжкія хваробы атрымалі расійскія вайскоўцы, якія паўзлі па газаправодзе да пазіцый УСУ ў Суджы. У некаторых дыягнаставалі рак лёгкіх. Аднак расійскія ўлады адмовілі ім ва ўзнагародах і выплатах, заяўляе ў сваім канале крамлёўская прапагандыстка Анастасія Кашаварава.
"Нашы байцы ішлі ўнутры газавай трубы 15 кіламетраў 750 метраў і яшчэ шэсць дзён жылі ў ёй, чакаючы наступу. У дзень X яны былі ў праціўніка ў тыле. Што рабілася ў гэтай трубе — страшна ўявіць. Усе, хто быў у трубе, атрымалі паражэнне лёгкіх. Байцы задыхаліся. Хтосьці ўжо загінуў", — піша яна.
Прапагандыстка абураецца, што захворванні гэтых вайскоўцаў не прызналі ні ваеннай траўмай, ні цяжкім паражэннем, што не дае магчымасці атрымаць кампенсацыі або сацыяльныя ільготы. Першапачаткова вайскоўцам увогуле ставілі лдыягназ востры бранхіт, заяўляе Кашаварава, а потым яны паміралі ад раку лёгкіх ці тромбаэмбаліі лёгачнай артэрыі.
Таксама яна заяўляе, што ўдзельнікам штурму адмовілі ва ўзнагародах.
Нагадаем, у жніўні 2024-га УСУ пачалі наступ і занялі частку курскай вобласці РФ. Яны кантралявалі тэрыторыю плошчай больш за тысячу квадратных кіламетраў, у тым ліку горад Суджу. У студзені-лютым пасля серыі контрнаступаў (на баку РФ у іх удзельнічалі тысячы паўночнакарэйскіхя вайскоўцаў) украінскія войскі пачалі адступаць. На пачатку сакавіка каля сотні расійскіх салдатаў спрабавалі прайсці ў тыл украінцам па газаправодзе. Украінскі бок заяўляў, што расіян своечасова выявілі і спынілі іх прасоўванне.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.