У чым ЗША абвінавачваюць Мадура? Кароткая гісторыя пытання
Амерыканскія верталёты над Каракасам / Reuters
"Мадура не з’яўляецца прэзідэнтам Венесуэлы, а яго рэжым не з’яўляецца легітымным урадам. Мадура — кіраўнік Cartel de los Soles, наркатэрарыстычнай арганізацыі, якая захапіла ўладу ў краіне. Яго абвінавачваюць у кантрабандзе наркотыкаў у Злучаныя Штаты", — напісаў у сацсетцы X дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіа.
У 2020 годзе Нікалас Мадура быў абвінавачаны федэральным судом ЗША ў наркатэрарызме і незаконным абароце какаіну.
У абвінаваўчым заключэнні, пададзеным у Паўднёвую акругу Нью-Ёрка, яго абвінавачваюць у кіраўніцтве "Картэлем дэ лос Солес" — сеткай, укаранёнай у дзяржаўныя структуры Венесуэлы. У выпадку прызнання вінаватым Мадуру пагражае некалькі пажыццёвых прысудаў у адпаведнасці з заканадаўствам ЗША.
Адміністрацыя Дональда Трампа падчас яго першага тэрміну абвясціла ўзнагароду ў памеры 15 мільёнаў долараў за інфармацыю, якая прывядзе да арышту Мадура. Падчас другога прыходу ў Белы дом узнагароду павялічылі да 50 мільёнаў долараў.
Генеральная пракурорка ЗША распавяла пра абвінавачанні супраць Нікаласа Мадуры і яго жонкі Сіліі.
"Нікалас Мадура абвінавачваецца ў змове з мэтай наркатэрарызму, змове з мэтай імпарту какаіну, валоданні аўтаматычнай зброяй і разбуральнымі прыладамі, а таксама ў змове з мэтай валодання аўтаматычнай зброяй і разбуральнымі прыладамі супраць ЗША", — паведаміла Пэм Бондзі.
“У хуткім часе яны [Мадура і яго жонка] сутыкнуцца з усёй паўнатой гневу амерыканскага правасуддзя на амерыканскай зямлі ў амерыканскіх судах”.
3 студзеня 2026 года ЗША правялі спецаперацыю па затрыманні Мадура ў сталіцы Венесуэлы Каракасе, якая завяршылася яго арыштам. Ён разам з жонкай быў вывезены з краіны.
Сёння ўвечары прэзідэнт ЗША Дональд Трамп дасць прэс-канферэнцыю з нагоды гэтай сітуацыі.