Украіна і Савет Еўропы ствараюць спецтрыбунал для Расіі

Уладзімір Зяленскі і Ален Берсэ / president.gov.ua
25 чэрвеня прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі і генсакратар Савета Еўропы Ален Берсэ падпісалі пагадненне аб стварэнні спецтрыбуналу па злачынствах агрэсіі супраць Украіны.
Яго мэта — прыцягнуць вышэйшае кіраўніцтва Расійскай Федэрацыі да адказнасці за ваенныя злачынствы, пачынаючы з поўнамаштабнага ўварвання ў 2022 годзе.
Ален Берсэ адзначыў, што такая структура ствараецца ўпершыню: "Упершыню ствараецца спецыяльны міжнародны трыбунал для разгляду злачынстваў агрэсіі. Гэты трыбунал, створаны ў рамках Савета Еўропы, прыцягне да адказнасці тых, хто выкарыстаў сілу і парушыў Статут ААН".
Уладзімір Зяленскі згадаў пра Нюрнбергскі трыбунал, які чыніў правасуддзе над нацысцкімі злачынцамі. Таксама ён прыгадаў пра трыбунал, які разглядаў ваенныя злачынствы на тэрыторыі былой Югаславіі. Цяпер, паводле яго, патрэбны такі ж трыбунал за расійскую агрэсію. "Кожны злачынец павінен ведаць, што будзе справядлівасць, і гэта датычыць і Расіі. Зараз мы сур’ёзна ўзмацняем юрыдычную вайну", — заявіў Зяленскі.
Ён назваў Уладзіміра Пуціна ваенным злачынцам і заклікаў судзіць яго.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.