“Уяўляеце, каб у кардыялогіі пацыенты мылі падлогу?” Псіхіятрыя ў Беларусі

Псіхіятрыя ў Беларусі

Псіхіятрыя ў Беларусі / Калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

РНПЦ псіхічнага здароўя ў Мінску знаходзіцца на ўскраіне горада — у мікрараёне Навінкі. На іншым канцы Мінска — гарадскі клінічны цэнтр псіхіятрыі і псіхатэрапіі.

А псіхіятрычныя шпіталі ўвогуле амаль заўсёды размешчаныя так, каб вы іх не бачылі:  каб “нармальныя людзі не перасякаліся з ненармальнымі”, перакладае на зразумелую мову геаграфію шпіталёў беларускі доктар псіхіятр-нарколаг Уладзімір Пікірэня.

Цяпер спадар Уладзімір жыве і працуе ў Польшчы — у шпіталі Фромбарка. У Беларусі доктар-псіхіятр вядзе на стаўку 25-30 чалавек. У Польшчы спадар Пікірэня дапамагае 8-12 пацыентам. Відавочна, колькасць часу, які доктар можа выдаткаваць на пацыента, адбіваецца і на якасці дапамогі.

Але колькасць пацыентаў, за якіх адказны адзін псіхіятр, — не адзінае, хоць і важнае адрозненне беларускай і еўрапейскай сістэм псіхіятрычнай дапамогі. Уладзімір Пікірэня расказаў Еўрарадыё, што варта змяніць у беларускай сістэме — і чаму замест таго, каб дапамагчы, яна часта можа сапсаваць людзям жыццё.

 

“Калі ў цябе ёсць грошы, можаш адкупіцца і не мець праблем з дзяржавай”

— Што не так з сістэмай псіхіятрычнай дапамогі ў Беларусі?

— Яна не надта змянілася з часоў яе “кансервавання” ў 50-70-х гадах мінулага стагоддзя. І, па вялікім рахунку, застаецца савецкай.

Галоўнымяе станоўчым аспектам з’яўляецца ўвогуле існаванне такой сістэмы — яна выбудаваная і ўбудаваная ў сістэму аховы здароўя. Яна стабільна працуе ва ўсіх рэгіёнах. Ёсць стацыянарная і амбулаторная часткі. Ёсць пэўная колькасць ложкаў, каб можна было шпіталізаваць пацыентаў з псіхічнымі разладамі. Ёсць участковыя псіхіятры. 

Пры кожнай ЦРБ ёсць раённы псіхіятр (ці, прынамсі, мусіць быць, бо праз дэфіцыт кадраў стаўкі могуць быць не занятыя). Ёсць сістэмы ацэнкі працаздольнасці і непрацаздольнасці, выдачы інваліднасці.

Вось і ўся добрая частка гэтай сістэмы.

— Вы кажаце, што ад савецкага часу сістэма не змянялася. Якія галоўныя хібы?

— Людзям з цяжкімі псіхічнымі хваробамі не хапае магчымасці атрымаць дапамогу без абмежавання ў правах.

"Представляете, чтобы в кардиологии пациенты мыли пол?" Психиатрия в Беларуси
Уладзімір Пікірэня / фота з архіва суразмоўніка Еўрарадыё

Няцяжкімі псіхічнымі хваробамі ў Беларусі займаюцца псіхатэрапеўты. Яны працуюць з трывожнымі разладамі, з няцяжкімі і непсіхатычнымі дэпрэсіямі, з фобіямі. А цяжкімі хваробамі займаюцца псіхіятры. Хоць такое падзяленне досыць штучнае і не супадае з сусветнай практыкай.

Але нельга проста атрымаць дапамогу ад дзяржавы, не атрымаўшы ў дадатак абмежаванні ў жыцці.

— Якія гэта абмежаванні?

— Чалавек можа атрымаць паражэнне ў досыць грунтоўных правах. У праве на працу, напрыклад, — пры тым, што гэтае права зафіксаванае ў Канвенцыі агульных правоў чалавека. Прыкладам, калі чалавек меў у сваім жыцці псіхоз і звяртаўся па дапамогу, вялікая колькасць прафесій для яго будзе проста забароненая.

"Представляете, чтобы в кардиологии пациенты мыли пол?" Психиатрия в Беларуси
Псіхіятрыя ў Беларусі / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Нярэдка бывае, што працадаўца згодны ўзяць чалавека з пэўным дыягназам на працу, але не можа гэтага зрабіць. Вынік — чалавек з псіхічнай хваробай выключаецца з нармальнага жыцця.

— Як гэта выглядае? Чалавек, выходзячы ад доктара, атрымлівае паперку, з якой не бяруць на працу?

— Не зусім так. Уявіце: чалавек звяртаецца па дапамогу, і ў яго дыягнастуюць шызафрэнію. Ён атрымлівае лячэнне. Спачатку — у стацыянары, пасля — амбулаторнае. Ён раз на месяц наведвае псіхіятра і атрымлівае лячэнне, знаходзіцца ў рэмісіі.

А потым ён ідзе ўладкоўвацца на працу. Яму даюць паперу, неабходную для праходжання медыцынскай камісіі і працаўладкавання. І дзеля працаўладкавання па вялікай колькасці прафесій сярод спецыялістаў, якіх трэба прайсці, ёсць псіхіятр. Калі ў чалавека дыягнаставалі шызафрэнію, ён не можа прайсці медкамісію і, адпаведна, працаўладкавацца.

Відавочна, некаторыя людзі могуць быць не ў стане выконваць пэўную працу. Але ж законы сфармуляваныя так, што медычная камісія у вялікай частцы выпадкаў разглядае не асаблівасці канкрэтнага чалавека, а толькі сам факт наяўнасці дыягназу. І ўжо гэта — парушэнне правоў чалавека.

То-бок, нягледзячы на рэмісію, чалавек з такім дыягназам не зможа працаваць тым, кім хоча. Давядзецца шукаць нешта іншае — ці ўвогуле адмаўляцца ад працаўладкавання і атрымліваць дапамогу па інваліднасці. Грамадства выключае яго, а гэта спрыяе дадатковай інвалідызацыі і пагаршэнню стану жыцця, бо выплаты па інваліднасці вельмі малыя, і якаснае жыццё на іх забяспечыць немагчыма.

— То-бок дзяржава сама сабе стварае праблемы, бо недаатрымлівае працаздольных людзей?

— Так. А яшчэ такая сітуацыя павялічвае сацыяльны разрыў. Калі ў цябе ёсць грошы, у некаторых выпадках няцяжкіх псіхічных разладаў ты можаш звярнуцца да прыватнага псіхатэрапеўта і не мець тых праблем з дзяржавай, якія з’яўляюцца ў чалавека без грошай.

Тое самае адбываецца з наркалагічнай службай: хто можа заплаціць — плаціць і лечыцца ананімна, каб не трапіць на дзяржаўны ўлік і не мець праблем.

 

“У Беларусі няма ніводнага медцэнтра, дзе можна было б платна падлячыць шызафрэнію”

— Цяпер вы працуеце ў польскім шпіталі. Чым адрозніваецца сістэма дапамогі ў Еўропе? Чалавек з шызафрэніяй ці біпалярным разладам будзе дапушчаны да рынку працы?

— У Еўропе няма адзінага падыходу, і ў розных краінах сістэма можа выглядаць трошкі па-рознаму. Тут яна таксама не ідэальная, шмат чаго можна было б выправіць. Але збольшага тут няма галоўнай хібы: абмежавання на вяртанне ў соцыум. Чалавек з любым дыягназам, калі ён праходзіць базавыя тэсты і калі ў яго стабільная рэмісія, можа працаваць і займацца чым хоча.

Просты прыклад: у Беларусі чалавек, які захварэў на шызафрэнію ці біпалярны афектыўны разлад, не можа атрымаць правы на кіраванне аўтамабілем. А калі ён іх меў, яны будуць ануляваныя. А ў ЕС няма з гэтым ніякіх праблем. Калі чалавек здольны прайсці тэсты на хуткасць і адэкватнасць рэакцыі, ён мае права кіраваць аўто, ніхто яго не абмяжоўвае.

Так, у стабільнай рэмісіі некаторыя абмежаванні могуць змяншацца. Прыкладам, калі ў чалавека быў псіхатычны эпізод, але цягам пяці гадоў ён не вяртаўся і доктар вырашыў адмяніць лекі, частку правоў могуць вярнуць і ў Беларусі. Але дыягназ ставіцца пажыццёва, дакументацыя на пацыента застаецца, і любыя змены ў заканадаўстве могуць вярнуць абмежаванні і адбіцца на жыцці чалавека.

— А вашы пацыенты з цяжкімі разладамі часта выходзілі ў рэмісію?

— Калі чалавек атрымлівае лячэнне, тая ж шызафрэнія можа быць у медыкаментознай рэмісіі. То-бок яе сімптомы не будуць выяўляцца. А беларуская сістэма падштурхоўвае чалавека ўвесь час намагацца адмовіцца ад лячэння, каб пашырыць свае магчымасці ў соцыуме. І гэта стварае павышаную рызыку абвастрэнняў.

— Чалавек можа звярнуцца да платнага псіхіятра, як звяртаюцца да платнага псіхатэрапеўта? Як вы казалі, “адкупіцца” ад праблем?

— Платнай псіхіятрыі ў Беларусі няма. Ёсць платная псіхатэрапеўтычная дапамога — тая ж псіхіятрыя, толькі для людзей з трывожнымі і дэпрэсіўнымі разладамі. Але няма ніводнага ліцэнзаванага медцэнтра, дзе можна было б прыватна палячыць шызафрэнію ці біпалярны разлад.

"Представляете, чтобы в кардиологии пациенты мыли пол?" Психиатрия в Беларуси
Псіхіятрыя ў Беларусі / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Чаму? Гэта вынік той самай стыгмы, страху і жадання ўсё кантраляваць. Бо як гэта — людзі з псіхічнымі хваробамі застануцца без кантролю дзяржавы? Усе павінны быць пад улікам і на кантролі.

У Еўрасаюзе ёсць і прыватныя, і дзяржаўныя псіхіятрычныя клінікі. І чалавек арыентуецца толькі на сваё жаданне павышанага ўзроўню камфорту, калі звяртаецца ў прыватную, — іншых адрозненняў паміж імі няма.

 

“Памыцца ў душы можна не часцей за два разы на тыдзень, зачыніцца ў прыбіральні немагчыма”

— Дарэчы, пра камфорт. Якія ўмовы ў беларускім псіхіятрычным стацыянары?

— Звычайна ў аддзяленні — 60 чалавек. На ўсіх — адна агульная прыбіральня і адзін душ. Пры тым, што людзі могуць там ляжаць месяц, два, а, бывае, і больш. Памыцца ў душы можна не часцей за два разы на тыдзень. Зачыніцца ў прыбіральні немагчыма.

У адной палаце звычайна 6-8 чалавек, хоць можа быць і 10-12. Дзверы ў палатах адсутнічаюць ці не зачыняюцца, і няма ніякай прыватнасці. Пяць дзён можна пацярпець, а калі тэрмін шпіталізацыі даўжэйшы, гэта стварае праблемы з адсутнасцю межаў і прыватнай прасторы.

Прычэпам ідзе пытанне злоўжывання магчымасцямі з боку персаналу. Пацыенты займаюцца мыццём аддзялення. Іх выкарыстоўваюць і дзеля таго, каб наводзіць парадак на тэрыторыі. То-бок гэта бясплатная праца. Чаму яны згаджаюцца? Бо выкарыстоўваюцца маніпуляцыі: калі хочаш выйсці пагуляць па вуліцы і папаліць — рабі працу. Акрамя таго, пацыенты адрэзаныя ад сувязі — у іх няма сваіх тэлефонаў, патэлефанаваць можна толькі з тэлефону медсястры, калі тая дазволіць. Выйсці з аддзялення без дазволу персаналу, каб даслаць каму-небудзь ліст, таксама немагчыма. Ды і няма дзе набыць канверт.

А з улікам таго, што ў клініках няма рэабілітацыйных мерапрыемстваў і пацыентам няма чым заняцца паміж працэдурамі, яны і згаджаюцца. Гэтым карыстаюцца медсёстры, санітаркі і санітары — але з маўклівай згоды і ведання дактароў і адміністрацыі, бо гэта дапамагае эканоміць грошы. Можна не наймаць дадатковы персанал і выкарыстоўваць рабскую працу пацыентаў.

Цяжка ўявіць, каб у кардыялогіі ці пульманалогіі пацыенты займаліся ўладкаваннем аддзялення, праўда? У псіхіятрыі гэта штодзённая нармальная справа.

Колькасць персаналу таксама не адпавядае сучасным патрабаванням. Цяпер у гарадскім дыспансеры за адну змену доктар можа прыняць да 50 пацыентаў. А бывае, што і больш.

— І колькі ж гэта ў хвіліну?

— Амаль што 10 чалавек за гадзіну. Пра магчымасць размовы, пра тое, каб даведацца, ці падыходзіць чалавеку лячэнне, якія пабочныя эфекты выклікае, і гаворкі не ідзе. Гэта проста фізічна немагчыма.

У нас грошы ў вялікім аб’ёме ідуць на стацыянарную дапамогу, прычым узровень камфорту застаецца нізкім. Так, колькасць ложкаў у стацыянарах паступова змяншаецца, але ўсё роўна існуе дыспрапорцыя: вялікі аб’ём стацыянарнай дапамогі супраць малой актыўнасці амбулаторнай.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.