Увесці войскі ва Украіну Пуцін зможа і без дазволу сенатараў

Практычна аднагалосна расійскія сенатары падтрымалі “прапанову” Уладзіміра Пуціна і адклікалі свой дазвол на вайну ва Украіне — пастанову аб выкарыстанні Узброеных сіл на тэрыторыі Украіны. За гэта рашэнне прагаласавала 153 сенатары, адзін — супраць.  



Аднак гэта зусім не гарантуе, што расійскія войскі не ўварвуцца на тэрыторыю Украіны, тлумачыць дырэктар расійскага паліталагічнага цэнтра “Поўнач-Поўдзень” Юлія Якушава. Каб увесці войскі куды заўгодна для “абароны правоў рускіх”, дазвол Савета Федэрацыі і не патрэбны.



Юлія Якушава: “Прэзідэнт можа ўводзіць войскі па Канстытуцыі і без дазволу Савета Федэрацыі. А гэтае адкліканне рашэння з’яўляецца дэманстрацыяй міратворчых намераў Расіі і пазбаўляе козыраў заходнія краіны, найперш ЗША і Еўрасаюз, якія абвінавачваюць Расію ў тым, што яна нібыта агрэсар”.



Гэта спроба адвесці ад сябе фармальны ўдар Захаду і паказаць, што Пуцін нібыта не мае ніякага дачынення да падзеяў на ўсходзе Украіны, пагаджаецца ўкраінскі палітолаг Косць Бандарэнка. Але нагадвае, што такія спробы “адвесці ад сябе падазрэнні” расійскі прэзідэнт робіць не першы раз.



Косць Бандарэнка: “Ён рабіў тое самае напярэдадні рэферэндуму ў Данецкай і Луганскай абласцях 11 траўня, калі казаў пра непажаданасць рэферэндуму, хаця ён не толькі быў праведзены, але і пры інфармацыйнай падтрымцы Расіі”.

                                       Косць Бандарэнка



Дырэктар расійскага паліталагічнага цэнтра Юлія Якушава абураецца, што Захад не паверыў у шчырасць прыгожага жэсту Пуціна і расійскіх сенатараў.



Юлія Якушава: “Мы ўжо бачым, што зараз ізноў уздымаецца пытанне аб новых санкцыях супраць Расіі. Для Захаду гэта, як і можна было чакаць, не стала сведчаннем таго, што Расія не з’яўляецца агрэсарам — заходні свет па-ранейшаму працягвае лічыць, як яму зручна ў гэтай сітуацыі”.



Размова ідзе пра словы канцлера Германіі Ангелы Меркель, якая заявіла падчас выступу ў парламенце, што санкцыі супраць Расіі “могуць быць вернутыя ў парадак дня”.



Паводле інфармацыі прэс-сакратара войскаў антытэрарыстычнай аперацыі Уладзіслава Селязнёва, за тры дні “перамір’я” сепаратысты 44 разы парушалі яго і абстрэльвалі ўкраінскіх вайскоўцаў. Магчыма, рашэнне расійскіх сенатараў станоўча паўплывае на сітуацыю і сепаратысты суцішацца?



Юлія Якушава: “Што тычыцца лідараў паўднёва-ўсходніх рэспублік, то яны былі не вельмі задаволеныя такім рашэннем Уладзіміра Уладзіміравіча. Але сёння з’явіліся паведамленні, што яны просяць увесці міратворчыя войскі Расіі на паўднёвы ўсход. Такім чынам, звароты да Расіі дамінуюць: няхай цяпер не наконт ваеннай дапамогі, але ў аднаўленні кантролю над сітуацыяй для таго, каб перамовы пра мір маглі праходзіць у спакойнай абстаноўцы”.



Праўда, прызнае расійскі палітолаг, і такім чынам увесці расійскія войскі на Украіну не ўдасца — для правядзення “міратворчай аперацыі” Расіі неабходна атрымаць адпаведны мандат ААН, а ніхто яго Пуціну не дасць. Іншая справа, упэўнівае Юлія Якушава, што гэта не прымусіць украінскі бок адмовіцца ад спроб… уцягнуць Расію ў ваенны канфлікт!



Юлія Якушава: “Памятайце пра тое, што Каламойскі, калі Парашэнка заявіў пра спыненне агню, не падтрымаў гэтае рашэнне і заявіў пра тое, што будзе па-ранейшаму змагацца з апалчэнцамі. Так што хутчэй пачнуцца супярэчнасці сярод украінскіх сіл — не будзе адзінства, і правакацыі працягнуцца. У тым ліку правакацыі супраць Расіі са спробай уцягнуць яе ў канфлікт ваенны”.



На пытанне Еўрарадыё, што ў Крамлі могуць успрыняць як правакацыю і спробу ўцягнуць Расію ў ваенны канфлікт, палітолаг нагадвае, што саму антытэрарыстычную аперацыю на ўсходзе Украіны расійскія ўлады лічаць… незаконнай. Бо людзі, “якія змагаюцца на паўднёвым усходзе Украіны за свае правы і свабоды, не з’яўляюцца з пункту гледжання Расіі тэрарыстамі”. І таму, дадае ўкраінскі палітолаг Косць Бандарэнка, калі АТА адновіцца і сепаратыстаў удасца “канкрэтна прыціснуць”, то Пуцін можа згадаць і пра сваё абяцанне абараняць рускіх ва ўсіх кутках свету, і пра свае канстытуцыйныя правы.

Фота: news.mail.ru