УСУ выбіваюць расіян з пазіцый пад Бахмутам — Сырскі
Ваенныя УСУ / ілюстрацыйнае фота facebook.com/GeneralStaff.ua
Сілы абароны Украіны выбіваюць расійскія войскі з пазіцый на флангах Бахмута і вяртаюць пад кантроль украінскія тэрыторыі, сцвярджае камандуючы Сухапутных сіл УСУ Аляксандр Сырскі.
"Мы рухаемся наперад", — напісаў ён у сацсетках.
Пра поспехі ўкраінскіх вайскоўцаў на паўночным і паўднёвым флангах каля Бахмута паведамляе і брытанская выведка. Піша, што тут ёсць "прагрэс".
Паводле звестак Генштаба УСУ, на Бахмуцкім кірунку расіяне 25 чэрвеня вялі безвыніковыя наступы ў раёнах Мінькоўкі, Грыгароўкі і Багданаўкі Данецкай вобласці. Усяго на Бахмуцкім, Ліманскім і Марыінскім напрамках, дзе расіяне засяроджваюць асноўныя намаганні, у мінулыя суткі адбылося 36 баявых сутыкненняў.