Ураджэнца Беларусі абвясцілі ў міжнародны вышук за ваенныя злачынствы ва Украіне

Расійскія вайскоўцы адпраўляюць дадому рэчы, нарабаваныя ва Украіне, ілюстрацыйнае фота

Расійскія вайскоўцы адпраўляюць дадому рэчы, нарабаваныя ва Украіне, ілюстрацыйнае фота / BBC

Ва Украіне ў міжнародны вышук абвясцілі расійскага вайскоўца Сяргея Вайду, ураджэнца Беларусі. Яго вінавацяць у ваенных злачынствах у пасёлку Белазёрка Херсонскай вобласці. На мужчыну пачалі завочны судовы працэс.

Як перадае Радыё Свабода, наступнае судовае пасяджэнне па яго справе запланаванае на 23 сакавіка.

Сяргей Вайда нарадзіўся ў жніўні 1980 году ў Плешчаніцах пад Лагойскам (Мінская вобласць). У матэрыялах справы адзначаецца, што ён мае расійскі пашпарт, які атрымаў у 2019 годзе ў Паўлаўскім раёне Краснадарскага краю.

Вайду інкрымінуюць ваенныя злачынствы, учыненыя падчас службы ў 10=й асобнай брыгадзе спецпрызначэння Узброеных сіл РФ. Ён унесены ва ўкраінскую базу "Міратворац". Вайду падазраюць, што ён разам з яшчэ чатырма вайскоўцамі ўварваўся ў прыватны будынак мясцовага жыхара Яўгена Ільчука ў Белазёрцы, дзе яны і сталі жыць. У чэрвені 2022-га яны абрабавалі будынак, забраўшы з сабой тры тэлевізары, газавую пліту, пліту камбінаванага тыпу, дзве лядоўні, маразільную камеру, дзве бутэлькі брэндзі, пяцілітровую бутэльку віна, скутэр, сеялку навясную, чатыры колы з дыскамі для трактара, тры бензінавыя касы, матаблок, два генератары, садовую газонакасілку, чатыры вуглашліфавальныя машынкі, два электраабагравальнікі, два перфаратары і электрычны адбойны малаток. Агулам здабычай расійскіх вайскоўцаў сталі рэчы на суму амаль 230 тысяч грыўняў (каля 10 тысяч долараў у эквіваленце на момант уварваньня Расіі ва Украіну).

Як высветліла Радыё Свабода, да вайны Вайда служыў настаяцелем Свята-Успенскага храму ў хутары Хавярдоўскі ў Паўлаўскім раёне Краснадарскага краю. Ён актыўна ўдзельнічаў у акцыях Кубанскага казацкага войска, прадстаўнікі якога першымі падтрымалі ваеннае ўварванне РФ ва Украіну.

Украінскія вайскоўцы вызвалілі Белазёрку ад расіян у лістападзе 2022 года.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.