Уноч на нядзелю Іран і Ізраіль абмяняліся чарговымі ўдарамі

Неба над Тэль-Авівам уноч на 15 чэрвеня 2025 года

Неба над Тэль-Авівам уноч на 15 чэрвеня 2025 года / Leo Correa/AP

Уноч на нядзелю Іран запусціў тры хвалі балістычных ракет і беспілотнікаў па Ізраілі. Паведамляецца пра мінімум 10 загінулых і больш за 200 параненых. Спачатку былі атакаваныя ізраільскія месцы вытворчасці паліва для знішчальнікаў, затым пад абстрэл патрапілі порт у Эйлаце, гарады Тэль-Авіў, Ашдод і Бат-Ям. Пашкоджаны звыш 60 будынкаў.

У адказ армія Ізраіля (ЦАХАЛ) ударыла па паліўных рэзервуарах у Тэгеране. На поўдні горада пачаліся пажары. У выніку атакі загінула 60 чалавек. Акрамя таго Ізраіль атакаваў Емен — мэтай мог быць адзін з лідпраў еменскіх хусітаў.

Ізраіль тлумачыць удары па Іране знішчэннем ядзернай зброі. Аналітыкі лічаць, што Ізраіль дзейнічае з негалоснай ухвалы ЗША. Іран у сваю чаргу папярэдзіў ЗША і іх саюзнікаў, каб яны не дапамагалі Ізраілю ў адбіцці ўдараў у адказ Тэгерана.

Дональд Трамп заяўляе, што ЗША не ўдзельнічаюць у гэтым канфлікце. Але папярэджвае, што калі Іран у нейкай форме нападзе на ЗША, адказ будзе такім, "якога свет яшчэ не бачыў".

"Тым не менш мы можам лёгка заключыць дамову паміж Іранам і Ізраілем і пакласці канец гэтаму крываваму канфлікту!!!" — напісаў лідар Белага дома. Як — не растлумачыў

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.