Уладзімір Зяленскі накіраваўся з візітам у ЗША
Абаронцы Бахмута перадаюць Зяленскаму сцяг для Кангрэса ЗША / @V_Zelenskiy_official
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ўпершыню з пачатку вайны адважыўся на замежны візіт — ён накіраваўся ў ЗША. Дагэтуль сусветныя лідары прыязджалі ў Кіеў, а ўдзел у міжнародных сустрэчах Зяленскі браў праз відэасувязь.
"Накіраваўся ў ЗША, каб умацаваць стойкасць і абараназдольнасць Украіны", — напісаў ён у Twitter. Паводле яго слоў, падчас гэтай паездкі запланаваны сустрэча з прэзідэнтам Джо Байдэнам і выступ у Кангрэсе.
Напярэдадні Зяленскі быў у Бахмуце — горадзе ў Данецкай вобласці, за які зараз ідуць самыя жорсткія баі. Ён падзякаваў вайскоўцам і ўручыў узнагароды. Вайскоўцы папрасілі Зяленскага перадаць у ЗША ўкраінскі сцяг у знак падзякі за падтрымку, якую аказваюць Злучаныя Штаты Украіне ў гэтай вайне.