Улады Беларусі рыхтуюць чарговую амністыю, абяцаюць "шэраг навацый"

Турма, ілюстрацыйнае фота / sb.by
Урад па даручэнні Лукашэнкі ўнёс у Палату прадстаўнікоў законапраект "Аб амністыі ў сувязі з 80-годдзем Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне".
Улады заяўляюць, што захаваюць паспяхова апрабаваныя падыходы ранейшых амністый (за апошнія пяць гадоў іх было абвешчана ў Беларусі чатыры), а таксама "прадугледжаны і шэраг навацый".
У пералік асоб, якія цалкам вызваляюцца ад пакарання і іншых мер крымінальнай адказнасці, дададуць новую катэгорыю людзей з пэўнымі захворваннямі.
Замяніць зняволенне на "хатнюю хімію" прапануецца раней не судзімым людзям, якія дасягнулі 70-гадовага ўзросту і асуджаныя да пазбаўлення волі на тэрмін да шасці гадоў уключна.
Замест поўнай амністыі ўводзіцца частковая (скарачэнне пакарання на адзін год) для асоб, асуджаных за неасцярожныя злачынствы, якія прывялі да смерць чалавека.
Асноўнай умовай для прымянення амністыі называецца поўнае пакрыццё шкоды, прычыненай злачынствам, а таксама станоўчая характарыстыка асобы ў перыяд адбыцця пакарання.
Паводле папярэдніх разлікаў пад амністыю трапяць амаль 8 тысяч асуджаных. Хутчэй за ўсё, як і раней, у гэты лік не ўвойдуць людзі, асуджаныя паводле палітычных матываў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.