МЗС Беларусі: пераарыентоўваюцца грузавыя патокі "не толькі ўгнаенняў"

Уладамі Беларусі "выпрацаваны ўсе неабходныя лагістычныя рашэнні па пераарыентацыі ўсіх сваіх грузавых патокаў, не толькі ўгнаенняў", паведамляе 2 лютага прэс-служба МЗС Беларусі. Адзначаецца, што беларускую прадукцыю збіраюцца накіраваць "у марскія парты дзяржаў, якія выконваюць свае абавязацельствы і з'яўляюцца надзейнымі партнёрамі для нашай краіны". Што ж гэта за краіны, не ўдакладняецца.
Прэм'ер Раман Галоўчанка аптымістычна заяўляў напярэдадні, што транзіт будзе пераарыентаваны на Расію: "Мы нічога не страцілі, нават выйгралі". Іншых краін ён не называў.
Пра тое, калі ж запрацуюць альтэрнатыўныя маршруты, не паведамляецца. Між тым, у Крамлі ў сераду заявілі, што яшчэ ідуць перамовы.
Улады Беларусі з 7 лютага ўводзяць забарону на транзіт па чыгунцы некаторых тавараў з Літвы. Гэта адказ афіцыйнага Мінска на "гібрыдную атаку" — на спыненне Літвой з 1 лютага транзіту беларускіх калійных угнаенняў. Як вядома, "Беларуськалій" знаходзіцца пад амерыканскімі санкцыямі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.