Уладальнікам электрамабіляў у Беларусі плануюць даць падатковыя льготы

У Беларусі могуць атрымаць падатковыя і іншыя льготы ўладальнікі, а ў будучыні — і вытворцы электрамабіляў. Такія меры прадугледжваюцца ў праекце ўказа аб стымуляванні выкарыстання электратранспарту. Сам дакумент абмяркоўваўся 9 сакавіка на нарадзе Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніцтвам Саўміна.
Каментуючы вынікі нарады, першы намеснік прэм'ер-міністра Дзмітрый Крутой паведаміў журналістам, што перадавыя дзяржавы тым ці іншым чынам стымулююць набыццё электратранспарту. "У першую чаргу ў частцы зніжэння падаткаў (ПДВ, інвестыцыйныя вылікі ды іншае) і ўкаранення ўскосных стымулаў — напрыклад, вызваленне ад падатку на ўдзел у дарожным руху, бясплатныя парковачныя месцы, выкарыстанне вылучанай для гарадскога транспарту паласы на дарозе і іншыя ініцыятывы. У прынцыпе, прэзідэнт іх усё падтрымаў", — цытуе БЕЛТА словы Крутога.
Ён паведаміў журналістам, што праект указа бліжэйшым часам будзе дапрацаваны.
Як распавядала Еўрарадыё, на сённяшняй нарадзе Аляксандр Лукашэнка заклікаў больш актыўна развіваць электратранспарт. Ён нават заявіў, што ездзіў на "Тэсле" знарок для таго, каб падштурхнуць развіццё гэтай галіны ў Беларусі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.