Украіна ўвяла маштабныя санкцыі супраць Расіі

Украіна ўвяла маштабныя санкцыі супраць Расіі і іншых краін, якія маюць дачыненне "да анэксіі Крыму і агрэсіі на Данбасе". Адпаведны ўказ падпісаў украінскі прэзідэнт Пётр Парашэнка. Адзначаецца, што рашэнне Кіева прынятае ў каардынацыі з партнёрамі з ЕС, ЗША і іншых краін.
Як інфармуе УНІАН, пад новыя санкцыі патрапілі 388 фізічных і 105 юрыдычных асобаў. Гэта — расійскія міністры, ваенныя чыноўнікі, суддзі, якія працягвалі арышт украінкі Надзеі Саўчанкі, журналісты, крымскія сепаратысты, баевікі з Данбаса, авіякампаніі, сродкі масавай інфармацыі (НТВ, "Первый канал", тэлеканалы "РТР-Планета" і "Россия-24"). Называюцца і прозвішчы — міністр абароны Расіі Сяргей Шайгу ды два ягоныя намеснікі, кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў, 16 дэпутатаў Дзярждумы, а сярод іх — спікер Сяргей Нарышкін, Сяргей Міронаў, Іосіф Кабзон. Пад санкцыямі апынуўся гендырэктар міжнароднага інфармацыйнага агенцтва "Россия сегодня" Дзмітрый Кісялёў. У "чорным спісе" знаходзяцца журналісты тэлекампаніі НТВ, "Первого канала", газеты "Известия" ды іншых.
Санкцыі накладзеныя і на баевікоў так званых "ДНР" і "ЛНР" Аляксандра Захарчанку, Дзяніса Пушыліна, Андрэя Пургіна, Ігара Гіркіна, які ўжо каля года знаходзіцца ў Расіі, ды іншых.
Сярод кампаній, якія ўключаныя ў "чорны спіс", ёсць вытворцы антывірусных праграмаў "Лабараторыя Касперскага" і "Доктар Вэб", найбуйнейшыя расійскія авіякампаніі ("Аэрафлот", "Уральскія авіялініі", "Трансаэра" ды іншыя), некалькі банкаў, крымскіх прадпрыемстваў.
Санкцыі прадугледжваюць блакіроўку актываў і прыпыненне выканання эканамічных і фінансавых абавязацельстваў.
Фота: АР і investigator.org.ua
