Украіна перадала Расіі яшчэ аднаго палоннага беларуса

Намеснік міністра абароны РФ Аляксандар Фамін сустракае ў Беларусі расійскіх ваеннапалонных

Намеснік міністра абароны РФ Аляксандар Фамін сустракае ў Беларусі расійскіх ваеннапалонных / Мінабароны РФ

Падчас вялікага абмену палоннымі 25 траўня украінскі бок перадаў Расіі грамадзяніна Беларусі Сяргея Мірончыка. Ён трапіў у палон у лютым 2025 года.

Як паведамілі Свабодзе ва ўкраінскім праекце "Хачу жыць", да падпісання кантракту з расійскім войскам Мірончык жыў у паслёку Тайцы Гатчынскага раёна Ленінградскай вобласці. У войску беларус служыў у падраздзяленні "Шторм V" — гэта адно з двух фарміраванняў ва Узброеных сілах РФ, куды набіралі вязняў з расійскіх турмаўх. У пасёлку Тайцы размяшчаюцца тры калоніі, у якіх адбываюць пакаранне за цяжкія і асабліва цяжкія злачынствы. У якой з іх завэербавалі Мірончыка і за якія злачынствы ён быў асуджаны — невядома.

Украінскі бок паведдамляе, што Сяргей Мірончык нарадзіўся 22 ліпеня 1982 года. Яго жонка Кацярына жыве ў Расіі, імаверна, у Санкт-Пецярбургу.

Сёлета 19 траўня імя Сяргея Мірончыка ўнеслі ў базу цэнтра "Міратворац", дзе з 2014 года збіраюць звесткі пра асобаў, датычных да злачынстваў супраць Украіны. Мірончык характарызуецца як "ваенны злачынца і замежны найміт-тэрарыст", датычны "да генацыду ўкраінскага народу шляхам вядзення баявых дзеянняў супраць грамадзянскага насельніцтва, грамадзянскіх аб’ектаў і аб’ектаў інфраструктуры" і свядомага парушэння дзяржаўнай мяжы Украіны.

Мірончык — сёмы грамадзянін Беларусі, якога перадалі Расіі ў рамках абмену палоннымі. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.