УЕФА знайшла выхад з складанай сітуацыі, у якую яна трапіла праз Беларусь

Славенія далучылася да Латвіі і Літвы як гаспадыня Еўра па футзале 2026 / uefa.com
27 чэрвеня УЕФА прыняла рашэнне далучыць Славенію да правядзення Еўра-2026 па футзале. Гэта стала адказам на дэмарш Літвы і Латвіі, якія адмовіліся прымаць у сябе зборную Беларусі, што кваліфікавалася на турнір паводле спартыўнага прынцыпу.
Латвія і Літва застаюцца гаспадарамі турніру і захоўваюць свае паўнамоцтвы па прыёме матчаў, адзначаецца ў паведамленні УЕФА.
Славенія прыме ў агульнай складанасці 18 матчаў. На "Арэне Стожыцы" адбудуцца гульні груп C і D, два чвэрцьфіналы, паўфіналы, матч за трэцяе месца і фінал.
Акрамя таго, "Арэна Тывалі" прыме два матчы групавога этапу ў трэці гульнявы дзень, калі сустрэчы ў межах адной групы праходзяць адначасова.
Славенія аўтаматычна трапляе ў групу C, а Беларусь будзе размеркавана альбо ў групу C, альбо ў групу D — каб усе яе магчымыя матчы прайшлі на тэрыторыі Славеніі.
Група A згуляе ў Рызе (Латвія), група B — у Коўне (Літва). У кожным з гэтых гарадоў таксама адбудзецца па адным чвэрцьфінале, што пацвярджае іх цэнтральную ролю ў турніры.
Нагадаем, што Латвія і Літва забараняюць правядзенне матчаў з удзелам беларускіх каманд на сваёй тэрыторыі.
УЕФА выказвае падзяку ўсім тром федэрацыям за аператыўнасць, гнуткасць і супрацоўніцтва дзеля захавання цэласнасці і поспеху галоўнага турніру па футзале сярод нацыянальных зборных.
Еўра-2026 па футзале адбудзецца з 20 студзеня па 7 лютага 2026 года.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.