У ЗША не выключаюць увядзення поўнай забароны на імпарт расійскага алюмінію

Расія з'яўляецца другім у свеце вытворцам алюмінію пасля Кітая / ТАСС
Расія з'яўляецца другім у свеце вытворцам алюмінію пасля Кітая / ТАСС

Белы дом разглядае магчымасць поўнай забароны на імпарт расійскага алюмінію, піша Bloomberg са спасылкай на інфармаваныя крыніцы.

Алюміній быў доўга абаронены ад санкцый з прычыны яго важнасці. Ён выкарыстоўваецца ў шматлікіх вытворчасцях: ад аўтамабіляў да iPhone.  Паводле дадзеных журналістаў, Белы дом разглядае тры варыянты абмежаванняў: непасрэдная забарона; павышэнне тарыфаў да такога ўзроўню, каб яны маглі быць раўнацэннымі забароне; санкцыі супраць кампаніі, якая вырабляе метал. Калі забарона будзе ўведзеная, спажыўцам у ЗША і іншых краінах давядзецца спешна шукаць замену алюмінію.

Пытанне новых санкцый і забароны алюмінію паўстала пасля нядаўніх ракетных атак Расіі па Кіеве і іншых украінскіх гарадах. У выніку масіраваных абстрэлаў былі пашкоджаныя ключавая інфраструктура і грамадзянскія аб'екты.

Bloomberg нагадвае, што Расія з'яўляецца другім у свеце вытворцам алюмінію пасля Кітая. Толькі ў ЗША расійскія пастаўкі складаюць каля 10% ад агульнага аб'ёму імпарту алюмінію. І ў апошнія месяцы яны раслі. Раней Reuters пісала, што ЕС і ЗША павялічылі закупку ключавых прамысловых металаў у Расіі нягледзячы на праблемы з лагістыкай. Імпарт алюмінію і нікелю з Расіі ў ЕС і ЗША цягам сакавіка-чэрвеня вырас на 70%, агульны кошт закупак склаў амаль два мільярды долараў.

Але вайна цягнецца ўжо восьмы месяц, і застаецца ўсё менш пазіцый, у дачыненні да якіх не ўведзеныя санкцыі. Дыскусія ў Белым доме з нагоды алюмінію "цягнецца ўжо некалькі тыдняў", гаворыцца ў матэрыяле Bloomberg.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.