У Віцебскай вобласці выставяць на аўкцыён сядзібу XIX стагоддзя. Цана — 42 рублі

Усадьба в Витебской области

Будынак сядзібы размешчаны ў вёсцы Галошава Талачынскага раёна Віцебскай вобласці / realt.by

11 чэрвеня на электроннай пляцоўцы “БУТБ-Маёмасць” адбудуцца таргі за сядзібу XIX стагоддзя каля возера Глыбокае ў вёсцы Галошава Талачынскага раёна. Ад Мінска да сядзібы — каля 190 кіламетраў.

Пачатковы кошт — 42 рублі. Будынак ужо быў выстаўлены на таргі, але ахвотных аднавіць гістарычную спадчыну пакуль не знайшлося.

Старажытны будынак можна пераабсталяваць у музей ці аб’ект аграэкатурызму.

Гісторыя сядзібы

Сядзіба ў Галошаве калісьці належала знакамітаму роду Цюндзевіцкіх. Яе ўзвялі ў 1897 годзе на месцы старой драўлянай пабудовы. Вядома, што ў доме захоўвалася калекцыя партрэтаў, вырабаў з фарфору і срэбра. Уладальнікі пражылі ў сядзібе 20 гадоў, а ў 1917 годзе з’ехалі ў Польшчу.

Падчас Вялікай Айчыннай вайны тут размяшчаўся нямецкі гарнізон, а пасля — школа для глуханямых, інтэрнат, а затым звычайная школа. Апошнія дзесяцігоддзі сядзібна-паркавы комплекс стаяў закінуты.

Агульная плошча будынка складае 621 квадратны метр. Фундамент — цагляны, перакрыцці — драўляныя. Разам з домам новы ўласнік атрымае ўчастак у 77 сотак, які будзе перададзены ў арэнду на 50 гадоў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.