У Тайландзе ў аўтакатастрофе загінула 26-гадовая мінчанка (фота)

У Тайландзе ў аўтакатастрофе загінула 26-гадовая мінчанка (фота)

26-гадовая мінчанка Мая Буйніцкая загінула ў Тайландзе ў аўтакатастрофе. Трагедыя адбылася ўначы 25 лютага на востраве Самуй. Машына дзяўчыны ўрэзалася ў прыпаркаваную за крутым паваротам спецтэхніку, якую Мая не паспела заўважыць. У машыне з беларускай была яе 23-гадовая сяброўка Кацярына Пушканава з расійскага Новасібірска, якая таксама загінула.

Пра здарэнне сваякам дзяўчат паведамілі мясцовыя жыхары, якія знайшлі ў машыне іх тэлефоны і напісалі пра інцыдэнт у сацыяльныя сеткі. Цяпер родныя падтрымліваюць сувязь з Тайландам праз амбасаду Беларусі ў В’етнаме. На востраве Самуй збіраюць усе неабходныя дакументы для транспартавання целаў, у тым ліку пасведчанне аб смерці. Сем’і ўжо апазналі загінулых па фотаздымках.

Консулы пацвердзілі парталу TUT.by, што сапраўды займаюцца такім выпадкам.

Паводле папярэдняй інфармацыі, страхоўка Маі Буйніцкай была выпісаная на меншы тэрмін знаходжання, і цяпер дакумент не дзейнічае. Таму ўсе выдаткі на транспартаванне цела сіламі спецыяльных службаў родным давядзецца аплаціць самастойна. Родныя кажуць, што папярэдне гаворка ідзе пра сама меней 5 тысяч еўра. Яны не паспяваюць аператыўна сабраць усю суму. У іншым выпадку гэты працэс можа зацягнуцца сама меней на тыдзень. Таму цяпер сям’я адкрывае рахунак у банку, на які пазней змогуць зрабіць перавод усе ахвочыя дапамагчы.

Па словах родных Маі Буйніцкай, дзяўчына са снежня мінулага года знаходзілася ў Тайландзе — адпачывала і працавала.