У Тайландзе памерла каралева-маці Сірыкіт — краіна аб’явіла год траўру

Каралева-кансорт Тайланда Сірыкіт

Каралева-кансорт Тайланда Сірыкіт / GLOBAL LOOK PRESS

Каралева-маці Тайланда Сірыкіт памерла ва ўзросце 93 гадоў у адной з бальніц Бангкока. Паводле паведамлення прэс-службы каралеўскай сям’і, у яе 17 кастрычніка развіўся сэпсіс, і лекары не змаглі выратаваць жыццё манаршай асобы.

Сірыкіт была жонкай караля Рамы IX, чые рэкордныя 70 гадоў праўлення сталі самым доўгім у гісторыі Тайланда. Іх сын, Маха Вачыралонгкорн, цяпер кіруе як Рама X. Да інсульту ў 2021 годзе каралева актыўна займалася дабрачыннасцю і праектамі па абароне дзікай прыроды, карыстаючыся вялікай павагай сярод насельніцтва.

У сувязі са смерцю каралевы-маці нацыянальны сцяг Тайланда будзе апушчаны ва ўсіх дзяржаўных установах на працягу 30 дзён, а дзяржаўныя службоўцы і члены каралеўскай сям’і будуць выконваць траўр на працягу аднаго года. Партрэты каралеўскай пары займаюць ганаровае месца ў дамах і грамадскіх установах па ўсёй краіне.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.