У суд накіравалі справу ваеннага эксперта і палітвязня Ягора Лебядка

Ягор Лебядок пасля затрымання / Скрыншот з відэа
Ягор Лебядок пасля затрымання / Скрыншот з відэа

У Мінскі абласны суд накіравалі крымінальную справу ваеннага эксперта і палітвязня Ягора Лебядка. Яго абвінавачваюць у "садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці". У паведамленні службы інфармацыі пракуратуры Мінскай вобласці не называецца прозвішча, толькі згадваецца "40-гадовы жыхар Смалявіцкага раёна".

У разуменні пракуратуры, садзейнічанне — гэта  інтэрв'ю пра вайну ва Украіне для СМІ, матэрыялы якога ў Беларусі ўжо прызналі "экстрэмісцкімі". Па версіі следства, Лебядок сваімі дзеяннямі “спрыяў распаўсюджванню ілжывых звестак аб палітычным, эканамічным, сацыяльным, ваенным і міжнародным становішчы Рэспублікі Беларусь, прававым становішчы яе грамадзян, якія дыскрэдытуюць краіну".

Ягор Лебядок быў затрыманы ў ліпені ў Смалявічах. Ад таго часу ён знаходзіцца за кратамі. Беларускія праваабаронцы прызналі Лебядка палітвязнем.

Ягор Лебядок — навуковец-фізік, кандыдат фізіка-матэматычных навук. Але ў апошнія год-паўтара ён стаў вядомы як ваенны эксперт.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.