У сталіцы BMW больш як на гадзіну паралізавала трамвайны рух (фота)
Здарэнне адбылося 29 студзеня каля 17:20 на скрыжаванні праспекта Машэрава і вуліцы Куйбышава.
Усё адбылося з-за таго, што кіроўца BMW не саступіў дарогу трамваю. Як паведамляе auto.onliner.by, аўтамабілем кіраваў 26-гадовы брэстаўчанін. Ён рухаўся па праспекце Машэрава і на скрыжаванні праспекта з вуліцай Куйбышава стаў паварочваць налева. Манеўр ажыццяўляў на зялёны сігнал святлафора. Але пры гэтым не даў перавагу ў руху трамваю. У выніку адбылося сутыкненне.
Аўтамабіль атрымаў сур'ёзныя механічныя пашкоджанні. Не абышлося без пацярпелых. Па звестках ДАІ, некалькі пасажыраў трамвая звярнуліся па медычную дапамогу. Сваю віну ў ДТЗ кіроўца BMW прызнае.

Фота — ДАІ Цэнтральнага раёна Мінска