У снежні беларусы купілі больш машын, чым год таму

Geely застаецца лідэрам продажаў
У снежні 2024 года аўтадылеры, якія ўваходзяць у склад Аўтамабільнай асацыяцыі "БАА", прадалі 7205 новых аўтамабіляў.
"Гэта на 21% больш, чым выніковыя продажы лістапада 2024 года, і на 107% больш, чым колькасць новых аўтамабіляў, прададзеных у снежні 2023 года", — паведаміў Аляксандр Стэльмах, генеральны дырэктар ААТ "Мінск-Лада".
Сярод прычын такога росту продажаў новых аўтамабіляў ён назваў маркетынгавую актыўнасць дылераў (прапановы скідак, падарункаў, выгадных фінансавых умоў), а таксама рост попыту з боку пакупнікоў.
Лідэрам продажаў у катэгорыі легкавых аўтамабіляў застаецца Geely (BelGee). У снежні 2024 года было прададзена 3567 адзінак, што складае 53% ад усіх прададзеных новых легкавых аўтамабіляў.
"На долю лёгкага камерцыйнага транспарту ў снежні прыйшлося 6% ад агульнай колькасці прададзеных аўтамабіляў, а доля электрамабіляў у снежні склала амаль 8%. Для параўнання, у снежні 2023 года доля электрамабіляў складала ўсяго 1,8% ад агульнага аб'ёму прададзеных аўтамабіляў. Такому значнаму росту продажаў электракараў спрыяла як павелічэнне прапановы электратранспарту з боку дылераў, так і развіццё адпаведнай інфраструктуры", - паведамілі ў Аўтамабільнай асацыяцыі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.