У Смалявічах міліцыя затрымала рэцыдывістаў, якія нападалі на жанчын
У Смалявічах міліцыя затрымала рэцыдывістаў, якія нападалі на жанчын. Двое мужчын ва ўзросце 62 і 57 гадоў з'яўляюцца жыхарамі Свіслацкага раёна Гродзенскай вобласці. 29 кастрычніка яны напалі ў лесе каля "Барысаў-Арэны" на жанчыну, збілі яе, двойчы ўдарылі нажом, забралі сумку з двума мільёнамі рублёў, мабільным тэлефонам, іншымі рэчамі, пасля чаго ўцяклі. Нягледзячы на тое, што зламыснікі "засвяціліся" ў Жодзіне, па гарачых слядах іх затрымаць не ўдалося.
Як інфармуе прэс-служба міліцыі Мінскай вобласці, увечары 5 лістапада ў Смалявічах яны напалі на 47-гадовую жанчыну, пагражалі нажом, забралі сумку з грашыма, пашпартам, асабістымі рэчамі. Да пошуку злачынцаў былі прыцягнутыя найлепшыя сілы крымінальнага вышуку абласной і раённай міліцыі, быў уведзены спецыяльны план "Сірэна". У выніку, мужчын у той жа вечар затрымалі ў нежылым будынку каля чыгуначнага вакзала.
Высветлілася, што ў канцы кастрычніка яны вярталіся ў Свіслацкі раён са Смаленска, дзе, нібыта, знаходзіліся на заробках. Па дарозе яны ўчынілі напады на жанчын. Частку скрадзеных грошай патрацілі на ежу і алкаголь. Затрыманыя аказаліся рэцыдывістамі, якія палову жыцця правялі ў месцах пазбаўлення волі.
Здымак з архіву. Фота: Fotolia