У самалёта "Белавіі", які ляцеў у Анталью, у палёце раскалолася лабавое шкло

Самалёт "Белавія", ілюстрацыйнае фота / Еўрарадыё
Самалёт кампаніі "Белавія", які ляцеў з Брэста ў турэцкую Анталью 12 траўня, на паўдарозе, над Расіяй, развярнулі і вярнулі назад у Беларусь. Пра гэта ў Instagram расказала блогерка Крысціна Абубакірава.
Паводле яе, самалёт змяніў курс прыкладна за тры гадзіны да прызямлення ў Турцыі. "Пілот у мікрафон кажа: наш самалёт разварочваецца з тэхнічных прычын і ляціць у Мінск. Праз дзве гадзіны будзем у Мінску", — згадвае блогерка, якая ляцела ў Турцыю з мужам і двума дзецьмі.
Ніякай дадатковай інфармацыі пасажырам не паведамілі. Дзяўчына кажа, што вельмі спалохалася: "І як бы я ні спрабавала сябе супакоіць, мяне трэсла, цяклі слёзы. У думках ужо развітвалася са сваёй сям’ёй. Гэта страшна, у галаве нават усплывала карцінка могілак. Але я рэальна старалася трымаць сябе ў руках і кантраляваць свае думкі. Проста сітуацыя — п*дзец".
Сцюардэса, да якой звярнулася Крысціна, запэўніла, што нічога страшнага не адбылося.
Замест Антальі самалёт прызямліўся ў Мінску, пры гэтым пры пасадцы ў пасажыраў моцна заклала вушы. Праз паўтары гадзіны іх пакармілі, а новы самалёт далі да гадзіны ночы.
Пазней Крысціна, па яе словах, даведалася прычыну, праз якую быў перарваны палёт: "У нашым самалёце трэснула лабавое шкло, там, дзе сядзіць пілот. Вы проста ўявіце, сітуацыя 50/50, яно ж магло ўзарвацца!"
Журналісты "Зеркала" паспрабавалі высветліць гэтую сітуацыю ў кампаніі "Белавія". У прыёмным пакоі гендырэктара кампаніі сказалі, што пра такое не чулі.
Між тым пра расколіны на лабавым шкле самалёта "Белавіі", які ляцеў 12 траўня з Брэста ў Анталью, паведаміў тэлеграм-канал Aviaincident. Звесткі пра гэта аўтары канала, верагодна, атрымалі ад прадстаўнікоў Растоўскай зоны адзінай сістэмы арганізацыі паветранага руху Расіі. Згодна з інфармацыяй растоўскіх дыспетчараў, 12 траўня ў 16:48 самалёт "Белавіі" далажыў пра расколіну на лабавым шкле з унутранага боку ў другога пілота і папрасіў пра зніжэнне. Потым самалёт вярнуўся ў Беларусь.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.