У Рызе самалёт здзейсніў экстраную пасадку без пярэдняга шасі

У Рызе самалёт здзейсніў экстраную пасадку без пярэдняга шасі

Надзвычайнае здарэнне адбылося сёння ў сталіцы Латвіі з рэйсам BT 641 “Рыга — Цюрых”: самалёт саджалі практычна без пярэдняга шасі

Па словах прадстаўнікоў авіякампаніі airBaltic, пасля вылету з аэрапорта экіпаж самалёта Bombardier Q400 NextGen канстатаваў праблемы з пярэднім шасі. З гэтай прычыны было прынятае рашэнне вярнуцца назад і правесці пасадку ва ўмовах павышаных мер бяспекі. Поўнае заключэнне стане вядома пасля тэхнічнай экспертызы.

Здарэнне абышлося без пацярпелых. На борце знаходзіліся 4 члены экіпажу, 63 пасажыры, з якіх двое — маленькія дзеці, а таксама адно немаўля. Сярод пасажыраў быў пілот Boeing, які дапамагаў іншым людзям у салоне.  

Прадстаўнікі авіякампаніі таксама паведамілі, што цяпер тэхнічную праверку пройдуць усе самалёты Bombardier Q400 NextGen, якія ёсць у распараджэнні airBaltic. Гэта першы выпадак, калі ў гэтых самалётаў выяўленыя праблемы з пярэднім шасі, піша Delfi. У авіякампаніі падкрэсліваюць, што ў экіпаж лайнера ўваходзілі вельмі дасведчаныя пілоты, якія змаглі даць рады пазаштатнай сітуацыі.