У Расіі знішчылі больш за 77 тон яблыкаў і груш, якія прывезлі з Беларусі

У расійскім горадзе Себеж знішчылі больш за 77 тон яблыкаў і груш, якія прывезлі ў Беларусі. Як інфармуе ўпраўленне Рассельгаснагляду па Цвярской і Пскоўскай абласцях, агулам на палігоне цвёрдых бытавых адходаў ліквідавалі чатыры партыі "падкаранціннай прадукцыі невысветленага паходжання".
Садавіну прывезлі ў Расію з Беларусі ў суправаджэнні фітасанітарных сертыфікатаў Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі, Егіпта, рээкспартных фітасанітарных сертыфікатаў Нідэрландаў. Кампетэнтныя органы гэтых краінаў пацвердзілі расіянам, што дакументы падробленыя.
Па выяўленых фактах парушэнняў распачалі справы аб адміністрацыйных правапарушэннях. Вінаватых асобаў прыцягнулі да адказнасці.
Як вядома, Расія ў адказ на санкцыі Захаду, у тым ліку і Еўрасаюза, увяла "антысанкцыі" — забарону на ўвоз харчавання з краін, якія далучыліся да антырасійскіх санкцый. Са жніўня 2015-га падкаранцінныя тавары расіяне знішчаюць на мяжы.