У Расіі маньяк прызнаўся ў 59 забойствах
У Расіі маньяк прызнаўся ў 59 забойствах, паведамляе РІА "Новости". Раней былому міліцыянеру 50-гадоваму Міхаілу Папкову з Ангарска (Іркуцкая вобласць) выставілі абвінавачанні па 47 эпізодах. Суд працянуў яго арышт да 29 красавіка 2017 года.
У студзені 2015-га Папкова асудзілі на пажыццёвае зняволенне за забойства 22 мясцовых жыхарак і нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў яшчэ дваім ахвярам. Яго перавод у калонію асаблівага рэжыму адкладваўся з-за расследавання новых злачынстваў, пра якія ён заявіў пасля вынясення прысуду.
Такім чынам, былы праваахоўнік прызнаўся ў 81 забойстве, здзейсненым у 1994-2000 гадах на тэрыторыі Іркуцкай вобласці. На Папкова ўдалося выйсці па слядах ад колаў аўтамабіля "Ніва", якія зафіксавалі каля некаторых целаў. Маньяка затрымалі ў 2012 годзе ва Уладзівастоку. Для параўнання, маньяк Андрэй Чыкаціла, які быў пакараны смерцю ў 1994 годзе, здзейсніў 53 забойствы, якія былі даказаныя.