У радавым гняздзе Касцюшкаў знеслі помнік Тадэвушу Касцюшку

Помнік Тадэвушу Касцюшку ў Малых Сяхновічах / "Планета Беларусь"
У Малых Сяхновічах Маларыцкага раёна знеслі помнік Тадэвуша Касцюшкі, які стаяў на тэрыторыі былой сядзібы з 1988 года. На месцы помніка цяпер клумба, заўважыў тг-канал "Спадчына".
Помнік размяшчаўся каля Жабінкаўскага гісторыка-краязнаўчага музея, які ствараўся ўласна для ўшанавання памяці Касцюшкі. Іх род валодаў Сяхновічамі некалькі стагоддзяў. У тутэйшай сядзібе Тадэвуш Касцюшка пасяліўся і пражыў чатыры гады пасля вяртання з ЗША, дзе ўдзельнічаў у вайне за незалежнасць. Гэта быў адзіны ўласны дом, які Касцюшка меў у дарослым жыцці.
Помнік Касцюшку ў 1932 годзе стварыла скульптарка Бальбіна Відацкая-Світыч.
Невядома, калі яго знеслі. Яшчэ ў верасні 2024-га помнік быў на месцы. А на здымках з раёнкі за 7 траўня 2025 года замест яго бачная клумба. Фатаздымкі былі зробленыя падчас урачыстага адкрыцця пасля рэканструкцыі залы Вялікай Айчыннай вайны.
На сайце музея зніклі ўсялякія згадкі пра Касцюшку, хаця музей ствараўся для ўшанавання памяці славутага земляка. Цяпер экспазіцыя размяшчаецца ў чатырох залах: зале этнаграфіі (экспанаты сялянскага побыту канца XIX — пачатку ХХ стагоддзя), зале гісторыі Жабінкаўшчыны, зале баявой славы, прысвечанай падзеям Другой сусветнай вайны, і зале з экспазіцыяй "Злачынствы фашызму. Генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны".
Зала "генацыду беларускага народу" з'явілася ў 2022-м на месцы пакоя, прысвечанага роду Касцюшкаў і самаму вядомаму з іх — генералу Тадэвушу Касцюшку.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.