У Польшчы плануюць узмацніць пакаранне за арганізацыю нелегальнай міграцыі

Затрыманы мігрант, ілюстрацыйнае фота

Затрыманы мігрант, ілюстрацыйнае фота / Strazgraniczna.pl

Пакаранне за арганізацыю нелегальнага пераходу мяжы ў Польшчы плануюць зрабіць больш жорсткім.

Прапаноўваецца, каб пакаранне за гэта складала ад двух да 12 гадоў пазбаўлення волі, піша MOST. Цяпер за гэтае парушэнне закону прызначаюць ад 6 месяцаў да 8 гадоў. Адпаведныя змены ў заканадаўства прапанаваў прэзідэнт Караль Наўроцкі ў папраўках да закона аб дапамозе украінскім уцекачам і да іншых законаў.

Неабходнасць узмацніць пакаранне тлумачаць тым, што цяперашняя сістэма пакаранняў не спыняе кантрабандыстаў. Прэс-сакратар памежнай службы Анджэй Юзвяк паведаміў выданню Rzeczpospolita, што сёлета затрымана 360 кур'ераў і арганізатараў перавозкі людзей, і амаль 240 з іх — каля мяжы з Беларуссю. За ўвесь мінулы год польскія памежнікі правялі каля 600 такіх затрыманняў.

Таксама прапануецца ўзмацніць пакаранне за незаконнае перасячэнне мяжы з выкарыстаннем гвалту, пагрозы, падману або ва ўзаемадзеянні з іншымі людзьмі, павялічыўшы тэрмін пазбаўлення волі з трох да пяці гадоў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.