У Польшчы асуджаны ўдзельнікі шпіёнскай сеткі РФ, сярод іх ёсць беларусы
У судзе ў Любліне / svaboda.org
У Любліне асуджаны ўдзельнікі шпіёнскай сеткі РФ у Польшчы. Усе падсудныя прызналі сваю віну і добраахвотна пагадзіліся на "узгодненае пакаранне" яшчэ да суду. Па гучнай справе праходзілі 16 чалавек. Гэта — адзін расіянін, трое беларускіх грамадзян, астатнія — ўкраінцы. На працэс іх не прывезлі.
29-гадовы беларус Уладзіслаў П. папярэдне асуджаны на 3,5 года турмы і 2,5 тысячы долараў штрафу, 39-гадовы беларус Міхаіл А. — на 2 гады турмы і 2,5 тысячы долараў штрафу, 19-гадовая беларуска Марыя М. — на 1 год і 1 месяц турмы і 1250 долараў штрафу. У судзе было абвешчана, што Уладзіслаў П., а таксама адзін украінец, адклікалі згоду на добраахвотнае адбыванне пакарання, таму іх вылучылі ў асобную справу. Яе будуць разглядаць паводле звычайнага парадку.
Беларуску Марыю М. і яшчэ двух фігурантаў, якія атрымалі да паўтара года калоніі, суд вырашыў датэрмінова вызваліць, бо яны ўжо адбылі значную частку пакарання. Ім пакуль нельга будзе выяжджаць з Польшчы. Іншым арышт працягнулі да канца лютага наступнага года, паведамляе Радыё Свабода.
Пра затрыманне ў Польшчы групы людзей, якія падазраваліся ў шпіянажы на карысць Расіі, стала вядома 15 сакавіка 2023-га. Сцвярджаецца, што затрыманыя ў студзені-сакавіку 2023 года ў розных рэгіёнах Польшчы, у тым ліку і ў Варшаве, збіралі інфармацыю пра аб'екты крытычнай інфраструктуры (асабліва іх цікавілі вайсковыя аб'екты і марскія парты). Даныя перадаваліся замоўцам з расійскай разведкі, за што атрымлівалі грошы. Таксама ўдзельнікі сеткі рыхтавалі дыверсіі (планавалі ўзарваць цягнік са зброяй для Украіны), займаліся прарасійскай прапагандысцкай дзейнасцю (распаўсюджвалі ўлёткі, налепкі, малявалі графіці).