У Пінску вынесены прысуд па справе аб забойстве фермера
Прысуд па справе аб жорсткім забойстве фермера вынесла калегія па крымінальным справах Брэсцкага абласнога суда на выязным пасяджэнні ў Пінску. Пасяджэнне адбылося 23 кастрычніка. Паводле рашэння суда, вінаватымі ў забойстве прызналі 21-гадовага пінчаніна і яго аднагодка з аргагарадка Малатковічы Пінскага раёна. Першы фігурант справы атрымаў 16 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, другі — 14.
Апроч таго, абодва павінны выплаціць разам 500 мільёнаў рублёў у якасці кампенсацыі маральнай шкоды і каля 35,2 мільёна матэрыяльнай шкоды на карысць маці забітага, паведамляе БелаПАН.
Абвінавачаным па гэтай справе таксама праходзіў 41-гадовы мужчына, бацька аднаго з хлопцаў. Менавіта ён загадаў хлопцам збіць фермера і прывезці яго ў лес на машыне. Там ён некалькі разоў стрэліў у пацярпелага з траўматычнай зброі, а затым абліў яшчэ жывога чалавека бензінам і падпаліў. Ён і быў арганізатарам забойства. Нядаўна ён скончыў жыццё самагубствам у турэмнай камеры, таму яго крымінальную справу спынілі.
Матывам злачынства стала вялікая грашовая пазыка: забіты фермер пазычыў 27 тысяч еўра пад 5% у месяц. Па версіі следства, ён разлічыўся з асноўнай сумай доўга, а крэдытор хацеў выбіць з яго яшчэ 70 тысяч еўра ў якасці працэнтаў.
Фота з архіву