У ПАСЕ заклікалі ўлады Турцыі прыняць меры для вышуку зніклага Котава

Анатоль Котаў / фота з яго асабістага архіва
Да турэцкіх уладаў звярнуўся генеральны дакладчык Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы (ПАСЕ) па пытаннях кіравання і этыкі ў спорце Могенс Енсэн. Ён заклікаў іх прыняць усе неабходныя меры для выўлення месцазнаходжання чальца Беларускага фонду спартовай салідарнасці Анатоля Котава, які знік падчас паездкі ў Турцыю.
Енсэн нагадаў, што "за актыўную абарону спартоўцаў і прынцыповае непрыманне рэпрэсій" рэжым Лукашэнкі завочна асудзіў Котава на 12 гадоў пазбаўлення волі. "Абвяшчэнне яго ў вышук Беларуссю і Расіяй выклікае сур'ёзныя асцярогі з нагоды яго бяспекі", — падкрэсліў ён.
Таксама ён заявіў, што ПАСЕ працягне ўважліва сачыць за гэтай справай.
Анатоль Котаў быў беларускім чыноўнікам, але ў 2020 годзе перайшоў у апазіцыю да рэжыму Лукашэнкі. Апошнім часам ён быў актывістам Беларускага фонду спартовай салідарнасці. 21 жніўня ён прыляцеў з Польшчы ў Турцыю. Паводле звестак СМІ, у той жа дзень (або зранку на наступны дзень) ён пакінуў Турцыю на прыватнай яхце, якая нібыта накіроўвалася ў Сочы. Котаў перастаў выходзіць на сувязь са сваякамі 21 жніўня пасля 21:30 паводле польскага часу (22:30 у Турцыі).
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.