"У нас няма магчымасці адступаць да Масквы" — былы старшыня КДБ

Выступае Валерый Вакульчык / t.me/pervyiregion/
Былы старшыня КДБ, памочнік Лукашэнкі і інспектар па Брэсцкай вобласці Валерый Вакульчык у Пружанах гаварыў пра вайну і мір. У чацвер ён выступаў перад калектывам малочнага камбіната і аграрна-тэхнічнага каледжа. Гаворачы пра бяспеку, Вакульчык абрынуўся на Захад, які "не хоча адмаўляцца ад свайго дамінавання". Ён нагадаў пра сумны лёс дыктатараў Садама Хусейна і Муамара Кадафі. І падкрэсліў, што пасля заходняга ўмяшальніцтва ў Іраку і Лівіі "не можа быць і гаворкі аб бяспецы людзей і развіцці". Далей спыніўся на рэжыме ў Беларусі.
У Валерыя Вакульчыка спыталіся, ці можа наяўнасць расійскай ядзернай зброі ў Беларусі забяспечыць бяспеку краіны.
"Беларусь — краіна невялікая, — цытуе словы Вакульчыка sb.by. — У нас няма магчымасці, як у вайну 1812 года або Вялікую Айчынную, адступаць да Масквы ці за яе. А абараніць трэба ўсіх людзей". Таму ўся надзея толькі на ядзерную тактычную зброю, сказаў прысутным выступоўца. І спрабаваў іх пераканаць, што выбіраць цэлі для ўдару будуць у Мінску, а не ў Маскве (праўда, якраз 19 снежня Уладзімір Пуцін гаварыў толькі пра "ўзгадненне"). А пасля згадаў, што "беларусы — мірныя людзі і самі ні на каго не нападалі і нападаць не збіраюцца".
Генерал Валерый Вакульчык быў старшынёй КДБ у 2012-2020 гадах.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.