"У нас наогул 66 машын". Беларусы рванулі праходзіць тэхагляд
У Беларусі вялікія чэргі на праходжанне тэхагляду / av.by
У Беларусі стаяць вялікія чэргі на праходжанне тэхагляду. На некаторых станцыях запісу даводзіцца чакаць некалькі дзён — гэта пачалося пасля таго, як усе вулічныя камеры сталі фіксаваць машыны без яго праходжання.
Журналіст Еўрарадыё абтэлефанаваў некалькі станцый тэхагляду і высветліў, у чым прычына вялікіх чэргаў і пры чым тут чарговыя новаўвядзенні ўладаў.
"Чэргі ёсць"
Пад выглядам чалавека, які хоча ў найбліжэйшы час запісацца на тэхагляд, тэлефаную на дыягнастычную станцыю тэхагляду № 21 пры ДАІ ГУУС Мінгарвыканкама. Супрацоўніца на іншым канцы провада кажа, што апошнім часам ахвотнікаў вельмі шмат. Але ў чым прычына?
— Зараз жа новы парадак увялі: відэакамеры будуць аўтаматычна фіксаваць усіх, у каго няма тэхагляду. Штрафаваць будуць. Таму колькасць людзей да і пасля ўвядзення закона — дзве вялікія розніцы. Тут пытанняў няма. Можаце папярэдне запісацца і прыехаць у прызначаны час ці хочаце па жывой чарзе?
@euroradio.lite У Беларусі вялікія чэргі на праходжанне тэхагляду. На некаторых станцыях запісу даводзіцца чакаць некалькі дзён — гэта пачалося пасля таго, як усе вулічныя камеры сталі фіксаваць машыны без праходжання ТА. #Беларусь #новостибеларуси #автобеларусь
♬ original sound - Еўрарадыё.Лайт
— Ахвотнікаў шмат, за дзень не паспяваюць усе прайсці. Вельмі шмат людзей. Вы альбо запісвайцеся, альбо па жывой чарзе прыязджайце.
— А калі па жывой, то ці доўга чакаць?
— Гадзіны 3-4 дакладна.
У Гомелі тая ж сітуацыя. Дзень у дзень запісацца не атрымаецца, толькі на заўтра.
— Але вы можаце і па жывой чарзе пад'ехаць, пару гадзін дакладна пастаяць прыйдзецца.
— А наогул пасля новага закона стала больш людзей да вас прыязджаць?
— Ну вядома, стала.
А вось у Оршы сітуацыя, здаецца, стабільная. На тэхнічнай станцыі мясцовага аўтапарка ажыятажу няма. Супрацоўнік паведаміў, што прыязджаць можна ў любы час і без якіх-небудзь чэргаў спакойна прайсці ТА.
— Можна нават без запісу. Асабліва ахвочых няма, прыязджайце.
Тэлефаную яшчэ на адну станцыю. Пытаюся, як лепш зрабіць: запісацца ці прыехаць па жывой чарзе?
— Калі проста прыедзеце, то можа быць шмат машын. А калі запішацеся, то адразу пройдзеце па сваім часе — найбліжэйшы запіс даступны на сераду.
— А па жывой чарзе ці доўга чакаць трэба?
— Сёння ў нас наогул 66 машын. Проста адна на адной, вельмі шмат. Дзень на дзень не прыходзіцца, часам бывае і менш. Ну, канкрэтна зараз машын шмат.
Адкуль узяліся вялікія чэргі на тэхагляд?
З 12 сакавіка камеры відэаназірання на дарогах у Беларусі сталі ў аўтаматычным рэжыме выяўляць аўтамабілі без пройдзенага тэхагляду.
"Усе камеры кантролю хуткасці, а таксама камеры маніторынгу па ўсёй Беларусі цяпер паралельна правяраюць дзяржтэхагляд аўтамабіля і, калі яго няма, робяць аўтаматычнае фота парушэння, а следам вам прыляціць "пісьмо шчасця" са штрафам", — гаворыцца ў паведамленні Дзяржаўтаінспекцыі Гродненскай вобласці.
Пры першым парушэнні прадугледжваецца папярэджанне. У другі раз уладальніка аўтамабіля аштрафуюць на 0,5 базавай велічыні.
Дзяржпошліна за выдачу дазволу аб праходжанні тэхагляду складае 0,3 базавай велічыні. Дадаткова давядзецца заплаціць за дыягнастычныя паслугі на станцыі ТА.