У Мядзельскім раёне дырэктарка фірмы падазраецца ў выкраданні 232 млн

У Мядзельскім раёне дырэктарка фірмы падазраецца ў выкраданні 232 млн

48-гадовая дырэктарка прыватнай фірмы ў Мядзельскім раёне падазраецца ў прысваенні маёмасці з трох беларускіх лікёра-гарэлачных заводаў на 232 мільёны рублёў, распавёў начальнік аддзела пракуратуры Мінскай вобласці, саветнік юстыцыі Дзмітрый Сянкевіч.

У дачыненні да жанчыны, якая кіравала таварыствам з абмежаванай адказнасцю, распачалі крымінальную справу за крадзеж шляхам махлярства ў асабліва буйным памеры (ч. 4 арт. 209 КК Беларусі).

Падчас расследавання справы высветлілася, што дырэктарка купляла у заводаў алкагольную прадукцыю, каб потым рэалізаваць у крамах сваёй фірмы. Яна загадала прадаўцам не праводзіць па касе выручку ад гэтых продажаў. Як толькі тавар быў прададзены, жанчына, не расплаціўшыся з пастаўшчыкамі, закрыла сваё прадпрыемства. Пасля гэтага праз некаторы час яна зарэгістравала новую фірму на падстаўных асобаў.

Цяпер ёй пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці, інфармуе БЕЛТА.

Фота: promagro.org