У Міёрах чвэрць заробка выдаюць “талонамі” на прадукты?

У рэдакцыю Еўрарадыё звярнуўся слухач з Міёраў. Прасіў не даваць яго імя, бо баіцца звальнення. Паведаміў, што працуе ў Райспажыўсаюзе Міёрскага раёна. І ўжо тры месяцы яго прымушаюць значную частку заробка “атаварваць” у іх жа краме.

Мужчына: “Гэта пачалося са жніўня. З заробка нашых супрацоўнікаў вылічваюць пэўную суму, каб мы ішлі па пакупкі не ў камерцыйныя крамы, а толькі ў свае. Даюць нам ведамасці распісвацца — прымушаюць браць на 500 тысяч тавар, ісці ў краму атаварвацца. Дапусцім, ён мне не трэба — а мяне абавязваюць: бяры!”

Атаварвацца на тыя 500 тысяч работнікі маюць права толькі ў “райспажыўсаюзаўскіх” крамах. Ілюстрацыйнае фота, http://raipo.viko-center.ru

Наш суразмоўца атрымлівае заробак у 2 мільёны рублёў. Значыцца, у яго выпадку гэта чвэрць ад усяго заробка.

Мужчына: “Калі б я 10 мільёнаў атрымліваў, я б нічога не казаў! Але ж я толькі 2 мільёны атрымліваю”.

Задаём пытанне: а можа, нічога тут страшнага няма? Усё адно ж, напэўна, ходзіце ў краму па пакупкі. Але першы аргумент, што ў камерцыйных крамах некаторыя рэчы таннейшыя, чым у райспажыўсаюзаўскіх. Другі, што людзі супраць прымусу як такога, бо гэта незаконна.

Мужчына: “Нашто мне гэта? Можа, я не ем нічога! Можа, я буду бульбу з капустай есці! Мне каўбаса не трэба, я кабана трымаю! Людзі плачуць, бо няма за што боты купіць! Мне, напрыклад, такі варыянт не ідзе зусім, бо я кожны месяц мушу купляць лекі на 400 тысяч. Вось калі б мне такіх талонаў на аптэку далі, я б пагадзіўся”.

Паводле словаў жыхара Міёраў, такое пачалося не толькі на іх прадпрыемстве.

Мужчына: “Гэтаксама з рабочымі на мясакамбінаце: прымушаюць браць сваю прадукцыю на 370 тысяч рублёў. Кажуць: тушонкай забірайце! Тое самае з навакольнымі гаспадаркамі каля Міёраў, прымушаюць набіраць прадуктаў ажно на 700 тысяч!”

Міёры – вельмі прыгожы горад у Віцебскай вобласці. Фота Сяргея Плыткевіча, belaruscity.net

Паводле суразмоўцы Еўрарадыё, многія супрацоўнікі на такую “прымусоўку” пагаджаюцца. Тыя, хто і так ходзіць у гэтыя крамы. Кажа, што некаторыя рабацягі бяруць віном, бо яны яго і так п’юць. Але многа і такіх, якія пратэстуюць супраць прымусовай “атаваркі”.

Мужчына: “Такога нідзе больш няма! Мая жонка абтэлефанавала ўсе суседнія раёны — нідзе такога бязладдзя няма!”

Тэлефануем у Райспажыўсаюз Міёрскага раёна. Супрацоўніца планава-эканамічнага аддзела кажа: нічога такога няма.

Ніна Рыгораўна: “Зарплата звычайна выплачваецца — работнікам яна пералічваецца на картку, аванс і заробак у належныя чыслы. У каго няма картак, таму па ведамасці, у касу прыязджае і атрымлівае”.

Ніна Рыгораўна сцвярджае, што ніякага прымусу няма і быць не можа. Хоць агаворваецца, што калі яна сама пагодзіцца, то такое можа быць.

Ніна Рыгораўна: “Як гэта мы будзем некага прымушаць закупляцца? Хто мяне можа прымусіць? Калі я, скажам, дам дабро, то так. Але хто ж гэта мяне сілаю прымусіць? Грошы атрымалі — пайшлі ў краму і купілі, што трэба. Я ад вас першы раз такое чую! Я такіх ведамасцяў не бачыла”.

Работнікі кажуць, што калі так будзе і далей, то недалёка і да сумнавядомых савецкіх талонаў на ежу. Ілюстрацыйнае фота, http://rusbrat.ru

Намесніца дырэктара па гандлі Ганна Бялюга выказвае здагадку, што гаворка ідзе пра “крэдыт”.

Ганна Бялюга: “Тое, што прымушаюць, не магу сказаць. Што значыць, прымушаюць? У нас ёсць такая паслуга, як крэдыт на прадукты. Гэта аванс да заробка, можна такой паслугай скарыстацца. Гэта як ільгота для нашых супрацоўнікаў. Мабыць, чалавек проста нас не разумее, хоць працуе ў нас”.

Каб спраўдзіць атрыманую інфармацыю, тэлефануем іншай супрацоўніцы міёрскага Райспажыўсаюза. Высвятляем, даюць ім на рукі ўсе грошы, ці тыя 500 тысяч недаплачваюць?

Супрацоўніца: “Недаплачваюць! Калі заробак 2 мільёны, то на рукі выдаюць мільён пяцьсот, а за тыя 500 тысяч кажуць распісвацца ў ведамасці. І ідзі ў краму, купляй — хлеб, што хочаш! Тым, хто на картку атрымлівае, тое самае, недаплачваюць!”

Загалоўнае фота -- ілюстрацыйнае, http://raipo.viko-center.ru