У Мінску злавілі аўтобуснага "злодзея-міжнародніка"
Мінскія міліцыянты затрымалі 34-гадовага жыхара Бабруйска, якога падазраюць у крадзяжах у міжнародных аўтобусах.
Западозрыла мужчыну пільная пасажырка. Яна звярнула ўвагу, што ў Польшчы ён пагрузіў у аўтобус тры сумкі, а ў Мінску ў таксі выгрузіў пяць. Паводле сігнала жанчыны аператыўнікі затрымалі бабруйчаніна. На яго пачалі крымінальную справу за крадзеж, перадае БЕЛТА.
Паведамляецца, што цягам года мужчына ездзіў у Польшчу на закупы розных рэчаў, якія потым перапрадаваў ў Беларусі. Падчас падарожжаў ён выкрадаў маёмасць спадарожнікаў з сумак, пакінутых у багажным адсеку аўтобуса. Як правіла, з нагоды дробнай прапажы (напрыклад, некалькіх бляшанак кавы) людзі ў міліцыю не звярталіся.
У дарозе мужчына знаёміўся з дзяўчатамі і называўся ім дырэктарам фірмы. Пры пад'ездзе да Мінску ён выклікаў таксоўку і стараўся пакідаць аўтобус першым. Пакуль яго спадарожнікі гублялі пільнасць пасля доўгай дарогі, мужчына забіраў некалькі сваіх сумак і чужую маёмасць, а таксама дапамагаў дзяўчыне, з якой завязаў знаёмства. Ён усаджваў яе ў машыну разам са сваімі рэчамі і адпраўляў дадому, аплочваючы таксоўку. Пазней ён прыязджаў да дзяўчыны і забіраў свае сумкі, страхуючы сябе такім спосабам. Яго міжвольныя памочніцы не ведалі, чым насамрэч займаецца ілжэ-дырэктар.
Паведамляецца, што мужчына ўжо меў праблемы з законам з прычыны махінацый з мабільнікамі. Цяпер высвятляецца яго дачыненне да іншых злачынстваў, учыненых аналагічным спосабам.