У Мінску вуліцу назавуць у гонар кадэбіста, забітага Андрэем Зельцэрам

Дзмітрый Федасюк "Нірвана"

Дзмітрый Федасюк "Нірвана" / фота з сацсетак сілавікоў

У Мінску адну з вуліц назавуць у гонар афіцэра КДБ, які загінуў пры штурме кватэры айцішніка Андрэя Зельцэра.

Паведамляецца, што імя Дзмітрыя Федасюка атрымае праектаваная вуліца №35 у мікрараёне Паўночны Бераг.

Кадэбіст загінуў 28 верасня 2021 года. У гэты дзень невядомыя без формы спрабавалі ўламіцца ў кватэру супрацоўніка EPAM Андрэя Зельцэра. Ён з жонкай спрабаваў выклікаць на месца здарэння міліцыю, але безвынікова. Калі невядомыя выбілі дзверы ў кватэры, Зельцэр адкрыў агонь з паляўнічай стрэльбы. Нападнікі не чакалі ўзброенага супраціву, і падчас атакі загінуў Дзмітрый Федасюк з пазыўным "Нірвана". Кадэбісты ў адказ застрэлілі Зельцэра.

Пасмяротна Федасюка ўзнагародзілі ордэнам "За асабістую мужнасць".

За каментаванне гэтых падзей у сацсетках былі асуджаныя некалькі дзясяткаў чалавек.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.