У Мінску судзяць мужчыну, які вынес з хостэла скейт

Скейт / unsplash.com
У Мінску вынеслі прысуд 45-гадоваму жыхару Мінскага раёна, які пры высяленні з хостэла скраў скейтборд і кола ад садовай тачкі. Мужчына, які не меў раней судзімасцяў, ночыў у хостэле на вуліцы Адэскай. Раніцай ён забраў з сабой чужы скейтборд — нібы ў падарунак дзецям сваяка — і зняў са сцяны кола ад садовай тачкі. Агульны ўрон склаў 174 рублі 47 капеек.
Асобу выкрадальніка выявілі па камерах відэаназірання. Пасля затрымання мужчына цалкам прызнаў віну, раскаяўся і вярнуў скрадзеную маёмасць. Суд улічыў гэтыя абставіны, а таксама той факт, што абвінавачаны працуе падсобным працоўным і раней не прыцягваўся да крымінальнай адказнасці. За крадзеж па ч. 1 арт. 205 КК яму прызначылі 180 гадзінаў грамадскіх працаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.