У Мінску сарвалі вечарыну памяці Ларысы Геніюш

Ларыса Геніюш

Ларыса Геніюш / Архіў сям'і

У мінскай галерэі "Парасон" на вуліцы Дразда 8 ліпеня мелася адбыцца вечарына, прысвечаная беларускай паэтцы Ларысе Геніюш. Пра яе жыццёвы і творчы шлях меўся расказаць паэт і даследчык літаратуры Міхась Скобла.

Аднак вечарына выклікала пільную ўвагу прапагандыстаў. На яе ў сваіх тг-каналах абрынуліся Рыгор Азаронак, Людміла Гладкая, Вадзім Гігін, Вольга Бондарава ды іншыя. Праз нейкі час Азаронак з задавальненнем канстатаваў, што абвестка пра вечарыну знікла.

Ларыса Геніюш уваходзіла ў Раду БНР, у 1943 годзе была прызначаная генеральным сакратаром урада БНР. Хаця яна ніколі не была грамадзянкай СССР, у 1948 годзе чэхаславацкія ўлады арыштавалі Геніюш разам з мужам і перадалі ў СССР. Перад гэтым іх пазбавілі чэхаславацкага грамадзянства, якое пасмяротна вярнулі толькі ў 2024 годзе. У СССР Ларыса Геніюш была асуджаная на 25 гадоў зняволення. Была вызваленая ў 1956 годзе, пасля чаго разам з мужам жыла ў Зэльве.

Геніюш не была рэабілітаваная ні ў канцы 1980-х, ні ў незалежнай Беларусі. Некалькі гадоў таму прапагандысты пачалі новы крыжовы паход супраць памяці паэткі. Каля царквы ў Зэльве быў прыбраны помнік, пастаўлены з дабраславення мітрапаліта Філарэта.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.